Кастрычніцкі раённы аддзел (Мінска) Следчага камітэта прадоўжыў да сярэдзіны чэрвеня тэрмін папярэдняга расследавання ў дачыненні да кіраўніка прыватнай інфармацыйна-асветнай установы «Платформ інавейшн» Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў хуліганстве.

«Тэрмін прадоўжылі яшчэ на месяц, але гэта не значыць, што расследаванне павінны закончыць строга да гэтага часу. Мы спадзяёмся, што пасля заканчэння чэмпіянату (чэмпіянат свету па хакеі завяршаецца 25 мая) тэрмін ужо не будуць зацягваць», — паведаміла Алена Красоўская-Каспяровіч, якая пасля арышту Бандарэнкі ўзначаліла «Платформ інавейшн».

Яна таксама паведаміла, што з арыштаваным праваабаронцам наладжана перапіска, яму перадаюць перадачы вагой да 30 кг. «У Андрэя ўсё ў парадку. Са здароўем усё выдатна, ніякіх скаргаў, але мы на ўсякі выпадак перадалі вітаміны, бо ў канцы зімы ён хварэў на запаленне лёгкіх», — сказала Красоўская-Каспяровіч. 

Падрабязнасці справы пакуль невядомыя, бо з адваката Бандарэнкі ўзята падпіска аб невыдаванні.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка быў затрыманы супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС Мінска 1 красавіка і з таго часу ўтрымліваецца ў сталічным следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага. 

12 красавіка стала вядома, што СК інкрымінуе яму ў тым ліку напад на жанчыну. Усяго праваабаронцу прад'яўлены абвінавачанні па трох эпізодах злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 (хуліганства) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса. Яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончай дзейнасцю Андрэй Бандарэнка заняўся пасля таго, як правёў за кратамі без малога два гады па абвінавачанні ва ўчыненні эканамічнага злачынства. У сакавіку 2011 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Бандарэнку невінаватым, а ў чэрвені таго ж года ён заснаваў «Платформу» — арганізацыю, якая займалася абаронай правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі.

У кастрычніку 2012 года «Платформа» была ліквідавана рашэннем Мінскага гаспадарчага суда, пасля чаго Бандарэнка і яго аднадумцы заснавалі новую арганізацыю — «Платформ інавейшн». 

Андрэй Бандарэнка неаднаразова праследваўся ўладамі за праваабарончую дзейнасць, у тым ліку караўся адміністрацыйнымі арыштамі. Яму таксама пагражалі распачынаннем крымінальнай справы нібыта за паклёп у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?