Іван Корж.

Іван Корж.

Сёння Аляксандр Лукашэнка зрабіў невялікія ператасоўкі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Генерал-маёр Ігар Кузняцоў адпраўлены ў адстаўку з пасады начальніка ўстановы адукацыі «Інстытут нацыянальнай бяспекі РБ». Звольнены па ўзросце (сёлета яму споўнілася 60 гадоў).

Скандальную славу Ігар Кузняцоў заслужыў, калі ўзначальваў КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Менавіта з яго падачы былі заведзеныя крымінальныя справы супраць многіх маладафронтаўцаў.

Вось што згадвае пра Ігара Кузняцова былы начальнік КДБ Фрунзенскага раёна Мінска Аляксандр Баганёў:

«Прыдзіркі да мяне асабліва ўзмацніліся, калі ўпраўленне КДБ па Мінскай вобласці ўзначаліў Кузняцоў, таксама расіянін. Ён прайшоўся танкам па «Маладым фронце». І вельмі гэтым ганарыцца».

Зрэшты, заменіць у Інстытуце нацыянальнай бяспекі Кузняцова не менш адыёзны Іван Корж, які ўзначальваў Гомельскае, а пасля Гродзенскае КДБ. Гомельскі перыяд працы Івана Каржа запомніўся шматлікімі вярбоўкамі актывістаў апазіцыі. Ні да таго, ні пасля ў прэсе не з’яўлялася столькі інфармацыі.

Калі ў Гомельскай вобласці разгарэлася «паляўнічая справа» супраць міліцыянтаў, то былі праведзеныя ператрусы ў журналістак: Калінкінай, Коктыш, Радзінай, Халіп. Ператрусы праводзіліся ў справе «абразы Івана Каржа». Зрэшты, нічога не знайшлі.

У Гродне пры Каржу адбывалася цкаванне журналіста Андрэя Пачобута, які двойчы апынаўся ў турме па артыкуле «Абраза прэзідэнта».

Год назад у Гродзенскай вобласці з наводкі КДБ экстрэмісцкім быў прызнаны фотаальбом «Беларусь Прэс-Фота». Пазней гэта будзе каштаваць ліцэнзіі выдавецтву «Логвінаў».

Кіраўніком КДБ па Гродзенскай вобласці прызначаны падпалкоўнік Аляксандр Церахаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?