Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў пасля адбыцця арышту ў Мінску затрыманы па вяртанні дадому ў Гомелі і знаходзіцца ў ІЧУ. 

21 мая тэрмін яго арышту скончыўся. Сталічныя міліцыянеры не выпусцілі яго з будынка цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе Рубцоў адбываў пакаранне, а адвезлі на чыгуначны вакзал і там вызвалілі. Як паведаміла БелаПАН жонка Рубцова, 21 мая ў 22.30 муж патэлефанаваў ёй і сказаў, што выязджае ў Гомель на цягніку. Але раніцай дадому не прыйшоў, і ніякіх звестак ад яго не было. 23 мая высветлілася, што Рубцоў знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ. У ізалятары БелаПАН паведамілі, што жыхар Гомеля знаходзіцца ў іх за ўчыненне нейкага адміністрацыйнага правапарушэння, але адмовіліся растлумачыць, якога менавіта.

Нагадаем, у Мінску Рубцоў адбываў 25-сутачны арышт.

Ён быў затрыманы міліцыяй пасля традыцыйнай масавай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка. На шэсці Рубцоў прысутнічаў у футболцы з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь!» і «Арыштуйце мяне! Падстава? Я супраць Лукашэнкі!». 

28 красавіка суддзя суда Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех прызнаў гамяльчаніна вінаватым у «непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы», «дробным хуліганстве» і пакараў арыштам. Варта зазначыць, што ў суд міліцыя прывезла актывіста без футболкі, голым да пояса. Футболку ў Рубцова канфіскавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?