Пасля працяглай хваробы ад рака памёр генерал, былы прэзідэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі. Пра гэта агенцтву РАР паведаміў былы прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі.

Ярузэльскаму было 90 гадоў. Нядаўна ён перанёс інсульт. А апошнія дні знаходзіўся ў вайсковым шпіталі ў Варшаве.

Генерал быў родам з вёскі Куруў Люблінскага ваяводства. Яго сям’я жыла ў Літве, а пасля далучэння балтыйскай краіны да СССР, сям’я была рэпрэсаванай і адпраўленая ў лагеры Краснаярскага края. У высылцы памёр бацька Войцеха.

У 1943-м Войцех Ярузэльскі запісаўся ў 1-ю польскую пяхотную дывізію імя Тадэвуша Касцюшкі. Прымаў удзел у ваенных аперацыях на Вісле, пры вызваленні Варшавы. Пасля вайны ён працягнуў рабіць сабе вайсковую кар’еру, даслужыўшыся да генерала.

Быў міністрам абароны Польшчы (1969 – 1983). У верасні 1981-га менавіта Ярузэльскі ўводзіў вайсковае становішча ў Польшчы, адбыліся затрыманні лідараў «Салідарнасці». У той жа час выступаў супраць увядзення ў Польшчу савецкіх войскаў.

Потым стаў Першым сакратаром польскай кампартыі – Аб’яднананай рабочай партыі (1981-1989), апошнім прэзідэнтам камуністычнай Польшчы (1989-1990).

У Ярузэльскага была лімфома, урачы праводзілі курс хіміятэрапіі. Падчас аднаго з знаходжанняў генерала ў бальніцы яго наведаў Лех Валенса, лідар «Салідарнасці». Ярузэльскі заўсёды хадзіў у цёмных акулярах.

Ярузэльскі быў апошнім жывым кіраўніком сацыялістычных краін Усходняй Еўропы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?