Лідар аргкамітэта па стварэнні аб'яднання «Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю» Анатоль Ляўковіч не выключае свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
фота Радыё Свабода
Пра гэта ён заявіў БелаПАН, каментуючы заяву шэрагу ініцыятыў аб яго падтрымцы ў наступнай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
У паведамленні, распаўсюджаным у СМІ 27 мая, зазначаецца, што «арганізацыйны камітэт па стварэнні Цэнтрысцкай партыі Беларусі, грамадзянская ініцыятыва «За Ляўковіча», арганізацыя этнічных украінцаў у Беларусі «Украінскі дом» і Савет еўраатлантычнага супрацоўніцтва (СЕС) пачынаюць дзейнічаць пад адзіным брэндам «Ляўковіч 2015». «Яго палітычныя погляды поўнасцю адпавядаюць светапогляду беларусаў, а прапанаваная ім і яго паплечнікамі палітычная стратэгія «За дыялог і кансалідацыю» адпавядае жаданням людзей з самых розных сацыяльных слаёў… Ён не жыве ў свеце ілюзій, не заклікае свой народ да бессэнсоўных дзеянняў («Плошчаў», «Майданаў» і іншых «каляровых рэвалюцый»), не навязвае сваім суайчыннікам заведама правальныя ідэі, як гэта робяць палітычныя «прафурсеткі» ў асобе нязменных апазіцыйных «правадыроў» і палітычныя дылетанты ад ЛДПБ, РППС», — гаворыцца ў паведамленні.
Ляўковіч заявіў, што нейкіх кансультацый і перамоў з ініцыятывамі наконт свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах не праводзіў. «Але для мяне гэта навіна прыемная. Значыць, павялічваецца колькасць прыхільнікаў дыялогу і кансалідацыі ў грамадстве», — сказаў ён.
***
Ляўковіч са жніўня 2008 года па кастрычнік 2010 года ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). 10 кастрычніка 2010 года ў Мінску прайшоў з'езд БСДП (Грамада), на якім старшынёй быў абраны Анатоль Сідарэвіч, аднак вынікі з'езда Ляўковіч не прызнаў. Вынікі з'езда не былі прызнаныя і Мінюстам. Не былі афіцыйна прызнаныя і вынікі паўторнага з'езда 5 чэрвеня 2011 года. Яшчэ адзін з'езд прайшоў 18 сакавіка 2012 года, на якім старшынёй партыі была выбрана Ірына Вештард, зноў пераабраная кіраўніком арганізацыі ў 2014 годзе.