На прыватны падворак гомельскага грамадскага актывіста Канстанціна Жукоўскага 27 мая спрабаваў зайсці супрацоўнік міліцыі.
Над домам Жукоўскага, які размешчаны ў цэнтры горада, пастаянна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя таго, на працягу апошніх некалькіх месяцаў грамадскі актывіст вывешваў над сваім домам дзяржаўны сцяг Украіны ў знак салідарнасці з народам гэтай краіны.
«Міліцыянер не назваўся, сказаў, што прыйшоў па просьбе грамадзян, якія паскардзіліся, што над маім домам вывешана «штосьці бандэраўскае», — расказаў Канстанцін Жукоўскі. — Я спытаў, колькі класаў у школе скончыў міліцыянер, ці ведае ён, хто такі Бандэра і які дзяржаўны сцяг у нашай братняй краіны Украіны. Але міліцыянер крыкнуў мне: «выйдзі, пагаворым». Я абурыўся, адказаўшы, што мы не ў Луганску ці Данецку, каб «выходзіць-размаўляць», пасля чаго ён пайшоў».
Паводле слоў Жукоўскага, такое стаўленне да дзяржаўнага сцяга Украіны абражае братні народ і яго асабіста. «Я сам напалову ўкраінец, і мне сорамна чуць, наколькі недасведчаныя могуць быць людзі», — сказаў гомельскі актывіст.