Адначасова з Канамі стужку можна пабачыць у беларускіх кінатэатрах. Рэжысёр Аліўе Даан зняў біяграфічны фільм пра паспяховую галівудскую актрысу Грэйс Келі, якая выйшла замуж за князя Манака Рэнье ІІІ.

Аўстралійская зорка Ніколь Кідман у ролі Грэйс Келі выглядае бездакорна. Хоць аператары часам і злоўжывалі яе буйнымі планамі. Цім Рот, які сыграў Рэнье, прызнаваўся, што бязвусаму чалавеку цяжка сыграць вусатага. Але яму ўдалося.

Дарэчы, з перакладам назвы фільма на расейскую мову перамудрылі. У арыгінале ён называецца Grace of Monaco (штосьці кшталту «Грэйс Манакская), па-­расейску ж аднекуль узялася «прынцэса». Хоць Грэйс Келі была хутчэй княгіняй, бо нават замуж выходзіла не за прынца, а за паўнавартаснага манарха, князя Манака.

Зрэшты, трэба разумець, што ўся «гістарычнасць» фільма вельмі ўмоўная, і шмат што было прыдумана ці дадумана аўтарамі.

Напрыклад, яны даводзяць, што жыццё дзяўчынкі, якая адшукала свайго прынца, зусім не робіцца бясхмарным. А дзеля кахання і шчасця даводзіцца ў нечым саступаць, пераўзыходзіць сябе, удасканальвацца і быць бязмежна адданай каханаму чалавеку. Гэта калі казаць пра агульначалавечы змест стужкі.

Разам з тым нечакана востра і актуальна для Беларусі ў фільме загучалі палітычныя ноткі. Манака — карлікавая дзяржава (2 квадратныя кіламетры) на ўзбярэжжы Лігурыйскага мора, на так званай Рыўеры. Ад канца XIII стагоддзя Манака вядзе сваю незалежную гісторыю. Хоць спробы далучыць гэтую тэрыторыю рабілі і французы, і італьянцы. Але праз нейкі час незалежнасць Манака аднаўлялася.

1962 год (калі разгортваюцца падзеі фільма) стаў адным з найбольш складаных для Манака. Многія заможныя французы пераводзяць свае актывы ў княства, дзе выгаднейшая для іх падатковая сістэма.

Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь, скеміўшы, што грошы ўцякаюць з краіны, ставіць перад Манака ўльтыматум аб увядзенні ў краіне падаходнага падатку. У адваротным выпадку абяцае блакаду краіны — аж да ліквідацыі незалежнасці. Дэ Голь абяцаў «задушыць гэтае княства».

Манака не мела войска, каб бараніцца (гэта адзіная краіна ў свеце, дзе вайсковы аркестр большы за само войска). Рэнье ІІІ у фільме паўстае ва ўсім трагізме чалавека, які рызыкуе страціць Радзіму. Такім пачуццём, напрыклад, прасякнутыя ўспаміны Міхала Клеафаса Агінскага ці Штэфана Цвейга.

Кажуць, што княская сям’я Грымальдзі (ніхто з іх на прэм’еру не прыйшоў) пакрыўдзілася на тое, што Рэнье паказаны чалавекам слабахарактарным, лёгка маніпуляваным, нервовым, з заўсёднай цыгарэтай у зубах.

Часткова — гэта праўда. Але ж князь, хоць і многага баіцца, дазваляе сабе заляпіць поўху пасланцу Шарля дэ Голя (вядома, у сапраўднасці такога не было). А ў ягоныя вусны ўкладваюцца фразы кшталту: «Вы — пратэктарат Францыі». — «Не, мы незалежная краіна», «Таталітарызм з’яўляецца там, дзе маўчыць грамадзянская супольнасць», «Гэта не перамовы — гэта вымагальніцтва».

Рэнье ІІІ пашанцавала болей за Агінскага і Цвейга: сваю радзіму ён не згубіў. У фільме кажуць, што праз каханне Грэйс Келі. З гістарычнага гледзішча — не самая відавочная версія. Але, мабыць, і яна мае права на існаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?