Без удзелу Людмілы Рублеўскай, пісьменніцы і літаратурнай аглядальніцы газеты «Беларусь сегодня», не абыходзіцца ніводная прэмія імя Гедройца.

У 2012 Рублеўская ўваходзіла ў журы. Летась яе раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» трапіў у шорт­ліст. Кніга «Ночы на Плябанскіх млынах», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», сёлета ўжо, як мінімум, паўтарыла леташні поспех.

Гэтая кніга на 500 старонак — выбранае Рублеўскай. У «Ночы…» можна знайсці невялікія аповеды («Гісторыі пані») з элементамі гумару, асабістых прыгодаў і настальгіі, ёсць там і «шляхецкія апавяданні», за якія Рублеўскую называюць прадаўжальніцай справы Уладзіміра Караткевіча, ёсць і гатычны раман «Скокі смерці», у цэнтры якога — вобраз рамантычнай дзівачкі­патрыёткі з неўладкаваным асабістым жыццём.

Рамантызм, закручаны сюжэт і лёгкая іранічнасць уласцівыя ўсім гэтым творам.

«Ночы на Плябанскіх млынах» прэзентуюць ключавы перыяд у біяграфіі пісьменніцы: з сярэдзіны 1990-­х, калі пачала друкавацца яе проза, да сярэдзіны 2000­-х (калі Рублеўская ператварылася ў адну з вызначальных асобаў у беларускім літаратурным працэсе). Гэта — адно з галоўных адрозненняў кнігі ад твораў іншых прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца. Многія аўтары прэзентуюць пераважна творы, створаныя нядаўна. Тады як містычная аповесць, якая дала назву кнізе, створана ў 2006­м. Раман «Скокі смерці» — у 2005­м.

Але з таго часу творчасць Рублеўскай зведала пэўную эвалюцыю.

Яна пачынала з асветніцкага рамантызму: «Ночы на Плябанскіх млынах» адрасаваныя беларускаму чытачу­патрыёту, дасведчанаму ў гістарычных пытаннях, які ведае, напрыклад, хто такі Фабіян Шантыр. Пазнейшыя «Авантуры Пранціша Вырвіча» былі напісаныя белетрыстычна. Нацыянальная ідэя ў кнізе прыхаваная падарожжамі ды прыгодамі. Але твор ад гэтага не страціў беларусацэнтрычнасці. Наадварот, пры ўмове перакладу кнігі і годнага піяру «Авантуры» маглі б прэзентаваць беларускі гістарычны раман за мяжой.

Аўтар гэтых радкоў меў гонар у якасці тэст­-чытача пазнаёміцца з другой часткай трылогіі пра Вырвіча, якая чакае на друк у адным з дзяржаўных выдавецтваў. Твор гэты настолькі якасны, што можа стаць пачаткам новай старонкі ў біяграфіі пісьменніцы. Таму выходзіць парадокс: на прэмію Гедройца — 2014 выстаўленыя ранейшыя творы Рублеўскай, якая цяпер піша крыху іначай.

Зрэшты, бывае, што літаратурныя прэміі ўручаюцца не толькі за канкрэтны твор, але і за ўклад у літаратуру.

Які прынцып будзе дамінаваць пры ацэнцы «Ночы на Плябанскіх млынах», мы даведаемся хутка: пераможцу прэміі імя Гедройца абвесцяць заўтра, 2 чэрвеня.

***

Згодна з апытанкай, што праводзіцца на сайце НН па стане на 17:46 нядзелі 23% прагаласавалі за тое, што галоўную прэмію атрымае Л. Рублеўская, 22% — за Сяргея Верацілу з яго «Разбітым сэрцам Вітаўта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?