За час правядзення чэмпіянату свету па хакеі агульная загрузка сталічных гасцініц, паводле папярэдніх даных, склала каля 82%, паведаміў БелаПАН намеснік начальніка ДУ «Упраўленне бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама» Юрый Натычка. 

Паводле яго слоў, падчас хакейнага ЧС-2014 адзначалася два пікавыя перыяды загрузкі гасцініц. «З 8 па 11 мая загрузка складала 96-97%, з 24 па 26 мая — 87%», — адзначыў Натычка. Да правядзення чэмпіянату свету загрузка сталічных гасцініц складала 50—55%. Па выніках года гэты паказчык чакаецца на ўзроўні 40—43%. 

«Адсутнасць любой падзеі прыводзіць да спаду. Акрамя таго, з 31 мая ў нас вяртаецца візавы рэжым, таму ўсё будзе так, як заўсёды. Магчыма, нейкая цікавасць да Беларусі праявіцца пасля чэмпіянату, але зразумела, што такая колькасць замежнікаў не будзе да нас прыязджаць штомесяц», — адзначыла ў каментары для БелаПАН начальнік аддзела карпаратыўнага і падзейнага турызму цэнтра па санаторна-курортнай працы «Цэнтркурорт» Вольга Гарбачэўская. 

Каб утрымаць высокую планку па загрузцы гатэляў, якая была дасягнута падчас чэмпіянату, яна рэкамендуе «праводзіць больш розных падзейных мерапрыемстваў і адмяніць візы для замежных турыстаў». 

Яшчэ адным спосабам прыцягнуць кліентаў спецыялісты лічаць зніжэнне цэн на гасцінічныя нумары. «Яны ўжо памяншаюцца. Па выніках 2013 года сярэдняя цана па горадзе ўпала на 15%, да канца гэтага года цана знізіцца яшчэ на 15%», — адзначыў Натычка.

Для абслугоўвання гасцей чэмпіянату было задзейнічана 43 гасцініцы, 14 з якіх былі пабудаваныя спецыяльна да спартовага першынства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?