Сорамна…
    карыстацца паўсюль чужынскаю моваю,
    Сорамна…
    не знаходзіць замены ёй беларускімі словамі,
    Сорамна…
    глядзець тэлевізар і слухаць радыё,
    Гора там, дзе пануе страх і апатыя,
    Значыць, гора нам.
    Цяжка мне…
    халоднай крывёй абліваецца сэрца,
    Цяжка мне…
    ў краіне сваёй сабе не знаходжу месца,
    Ў радзіме маёй чужынцы цяпер уладараць,
    Няма аб чым тут зараз больш марыць,
    Ня мае сэнсу увогуле марыць.
    Кепска мне, калі чую афіцыйныя дадзеныя,
    Што ўсё добра, выдатна — «дзякуй уладзе»;
    Ў краіне мір, спакой і верацярпімасьць,
    Толькі чамусьці баліць галава — актыўнасьць
    Сонца падвышаная — гавораць сыноптыкі,
    Ня трэба быць спэцыялістам па оптыцы,
    Каб бачыць, што ўсё ня так.
    Іншыя вераць, лічаць, што пройдзе
    Празь некалькі год, а мо і стагодзьдзяў,
    Ды толькі як тады Беларусь будзе звацца?
    Русіфікатараў плённая праца
    Ідзе паскораным тэмпам.
    Стаю, абгорнуты бел‑чырвона‑белым сьцягам,
    Гляджу на блакіт неба, аблокі зыгзагам
    І думаю, што ўсё, усё безнадзейна,
    Ах, калі б хоць раз памыліцца, чарговая дзея
    У драме гісторыі…
    Сорамна, што гэткія думкі я маю,
    Сорамна, што мне бракуе моцы змагацца,
    Цяжка мне, але сьцяг мае раны хавае,
    І ведаю — наперадзе пляцы,
    Наперадзе воля.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0