У красавіку ў Мінску быў зарэгістраваны выпадак адру, завезены з Расіі, паведамілі у Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Хворы чалавек заразіў яшчэ семярых. 

У сувязі з магчымасцю заносу адру з суседніх краін санслужба паведамляе, што ў сакавіку і красавіку ў Латвіі зарэгістравана восем выпадкаў захворвання на адзёр, якіх летась не было (ў 2012-м было тры выпадкі). 

Паводле даных санслужбы, выпадкі заносу адру ў Беларусь рэгіструюцца штогод. У 2013 годзе адзін жыхар Мінска заразіўся ва Украіне, другі — у Расіі. Ад іх інфекцыя перадалася чатыром чалавекам, якія знаходзіліся з імі ў кантакце. Акрамя таго, у 2013 годзе ў Мінску перахварэла на адзёр адно непрышчэпленае дзіця, якому было менш як год(вакцынацыя супраць адру праводзіцца ў Беларусі з 12 месяцаў, рэвакцынацыя –– у шэсць гадоў). 

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, выпадкі захворвання на адзёр у 2013 годзе былі зарэгістраваныя ў 36 еўрапейскіх рэгіёнах, у цэлым выяўлена 31.617 хворых. Больш за ўсё пацыентаў з гэтым дыягназам было ў Турцыі (7.386), Украіне (1.195), у Вялікабрытаніі (1.900), Італіі (1.222), Расіі (2.223) і Францыі (121). 

Часцей за ўсё хварэюць людзі, якім не была зроблена прышчэпка ад адру. Медыкі рэкамендуюць вакцынацыю супраць адру, якая стварае надзейны імунітэт; ён захоўваецца больш за 20 гадоў. У Мінску для імунізацыі выкарыстоўваюцца камбінаваныя вакцыны, якія змяшчаюць у сваім складзе жывыя вакцынавыя штамы вірусаў адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі. 

Адзёр — вострае інфекцыйнае віруснае захворванне, якое характарызуецца агульнай інтаксікацыяй, высокай тэмпературай, пашкоджаннем слізістых абалонак вачэй, дыхальных шляхоў і суправаджаецца сыпам. Крыніца інфекцыі — хворы чалавек. Калі чалавек раней не хварэў на адзёр і не быў прышчэплены супраць гэтай інфекцыі, то пасля кантакту з хворым заражэнне адбываецца амаль у 100% выпадкаў. Перадача ўзбуджальніка інфекцыі ідзе паветрана-кропельным шляхам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?