Сталічныя ўлады ігнаруюць праблемы якасці пітной вады. Аб гэтым заявіў прадстаўнік грамадскай ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына», сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі 29 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

«Якасць пітной вады ў Мінску недапушчальная. З гэтай праблемай сёння сутыкаецца практычна кожны жыхар сталіцы», — перакананы актывіст. 

Садоўскі нагадаў, што ініцыятыва «Наша Кунцаўшчына» спрабавала дамагчыся ад улад правядзення шырокіх грамадскіх слуханняў па праблеме моцнай хлараванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы.

«Фактычна пітная вада ў гэтых раёнах з'яўляецца небяспечнай для здароўя людзей, асабліва з аслабленым імунітэтам — пенсіянераў і дзяцей. Аднак улады адмахваюцца ад дзясяткаў зваротаў, падпісаных сотнямі грамадзян, як ад назойлівых мух. Мінскія чыноўнікі не згодныя правесці нават грамадскія слуханні, што не патрабуе фінансавых расходаў», — адзначыў ён. 

Адмова Мінгарвыканкама ў правядзенні слуханняў, паведаміў прадстаўнік «Нашай Кунцаўшчыны», ужо была безвынікова абскарджана ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. «Зараз спрабуем абскардзіць рашэнне раённага суда ў Мінскім гарадскім судзе. Аднак прайшло ўжо больш за паўтара месяца, а дата пасяджэння не прызначаецца», — адзначыў ён. 

«Відавочна, улады не жадаюць выконваць нават свае мінімальныя абавязкі. Яны гатовыя не вырашаць праблемы, а толькі пісаць адпіскі. Будзем выходзіць на новы ўзровень кампаніі — агульнагарадскі, бо якасць вады ў Мінску толькі пагаршаецца», — паведаміў Садоўскі. 

«З 2004 года мы спрабуем абараніць артэзіянскія свідравіны ў Севастопальскім парку ў сувязі з запланаванай забудовай гэтай тэрыторыі, — расказала прадстаўнік групы жыхароў мінскага мікрараёна Усход-2 Валянціна Шалейнікава. — Мы накіравалі больш за дзвесце зваротаў у розныя дзяржаўныя ведамствы, адкуль, як правіла, прыходзяць адпіскі». 

Паводле слоў актывісткі, у той час, калі палова насельніцтва сталіцы вымушана спажываць апрацаваную хлорам ваду з паверхневых крыніц Вілейска-Мінскай сістэмы, адбываецца неабгрунтаваная масавая ліквідацыя дзейных свідравін водазабору Зеляноўка. Цяпер ні адна з іх не эксплуатуецца ў рабочым рэжыме, ёсць падставы сцвярджаць, што ў сувязі з распачатым будаўніцтвам адбылося вычарпанне падземных вод. 

У актывістаў групы ёсць інфармацыя, што з трыццаці свідравін, якія дзейнічалі ў раёне чатыры гады таму, засталося толькі дзевяць. Паводле іх меркавання, гэта падпадае пад дзеянне Крымінальнага кодэкса. 

«Нам адказваюць, што ў якасці кампенсацыі за закрыццё свідравін плануецца бурэнне новых, — працягвае Шалейнікава. — Напрыклад, прапануецца разгледзець пытанне аб ліквідацыі свідравіны №19а, якую мы добра ведаем. Яна размешчана па вуліцы Макаёнка, дасягае 280-300 метраў глыбіні і эксплуатуецца ва ўстаноўленым рэжыме. Вы разумееце, што адбываецца? Сфальсіфікаваны праект нібы на бурэнне новай свідравіны, якая на самой справе з'яўляецца дзейнай. Гэты праект узгадняецца, як нам заявілі, з камітэтам па прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама — мы зрабілі туды запыт. На тампанаж (ліквідацыю) свідравін выдаецца дазвол прадпрыемствам «Галоўдзяржбудэкспертыза», якое не мае права такі дазвол выдаваць — тут бачым перавышэнне службовых паўнамоцтваў».

Нагадаем, яшчэ ў жніўні 2013 года пры падтрымцы ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) мінчане сабралі больш за 500 подпісаў з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні па праблеме моцнай хлараванасці пітной вады ў згаданых раёнах Мінска. «Аднак усе інстанцыі, у якія падаваліся звароты, дасылалі толькі адпіскі: вада добрая, няма пра што трывожыцца. Пры гэтым галоўнае патрабаванне — правесці шырокія грамадскія слуханні — ігнаравалася», — паведамлялі ў БХД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?