Крымскі паўвостраў яшчэ з савецкіх часоў быў курортнай Мекай для жыхароў Гомеля і астатняй Беларусі. Прамы цягнік «Гомель—Сімферопаль», квіткі на які трэба было здабываць за месяц-два да адпачынку.

Прагматыкі ехалі ў Чарнігаў, набывалі квіткі адтуль — было танней.Зараз жа ў касе Гомельскага чыгуначнага вакзала адказваюць, што квіткоў на Крым дастаткова. Ніхто не браніруе загадзя. «Людзі баяцца ехаць», — кажуць касіры. Пакуль квіткі можна набыць на цягнікі да канца мая. Беларуская чыгунка між тым паведаміла, што некаторыя прыпынкі міжнародных цягнікоў, у тым ліку ў Крым, адменены.

Так, на цягніках «Мінск—Сімферопаль», «Мінск—Адлер» і «Мінск—Анапа» адменены прыпынкі па шматлікіх украінскіх станцыях: Харобічы, Камка, Шчорс, Мена, Бахмач і так далей па шляху.

Адметнасць чыгуначнага падарожжа ў Крым гэтым летам — з'яўленне новых дзвюх мытняў па дарозе на паўвостраў. Прыемнага мала. А часу змарнуецца нашмат больш.

У Крыме хапала месца і забаў для ўсіх: «дзікуноў», «групавых тураў», сем'яў з малымі дзецьмі, аматараў турызму, скалалазання, снобаў з тугімі кашалькамі і аматараў «аўтаспыну» без грыўні ці рубля ў кішэні. Шматлікія помнікі гісторыі і архітэктуры, горы, скалы, цёплае мора, музычныя фестывалі — што больш трэба чалавеку на адпачынку, па прымальным кошце?

У Крым праз Анапу

Гомельскія турыстычныя фірмы практычна не працуюць у «крымскім кірунку». Так, адзін буйны турыстычны аператар пакуль не арганізуе групавыя аўтобусныя туры на паўвостраў. У індывідуальным адпачынку могуць дапамагчы — знайсці месца для пражывання на паўвостраве, але дабірацца трэба самастойна.

«Мы нават праезд дзяцей на адпачынак у Балгарыю цяпер арганізавалі праз Еўропу. А наогул, менавіта на еўрапейскі кірунак і арыентуем нашых турыстаў. Балгарыя, Чарнагорыя, Італія — не так і дорага, браніраваць пуцёўкі трэба ўжо зараз, ахвочых у нас хапае. Еўропа ў нас папулярная гэтым летам, як ніколі», — кажуць прадстаўнікі турыстычнай фірмы.Іх канкурэнты таксама не арганізуюць паездак у Крым.

«Праз Украіну людзі баяцца ехаць, а пускаць аўтобусы праз Расію — дорага, няма сэнсу. Альтэрнатыва, мы лічым, Турцыя і Егіпет. Еўропа ўсё-такі дарагая, і візы патрэбныя. Турцыя і Егіпет — аптымальны варыянт», — запэўніваюць турыстычныя аператары.Іх некаторыя калегі ўсё-такі вырашылі «прабіць» акно ў Крым праз тэрыторыю Расіі.

Такую паслугу, «Бяспечны праезд да Крыма праз тэрыторыю РФ!», прапануе мінская турыстычная фірма. Жыхароў Гомеля таксама могуць прыхапіць па дарозе. Шлях да паўвострава пралягае праз Клінцы—Бранск—Арол-Растоў-на-Доне—Краснадар—Анапу. Потым ахвочыя могуць трапіць з порта Каўказ да порта Крым на пароме, за дадатковую плату (дарослы квіток — 40, дзіцячы — 20 грыўняў, адпаведна 162 і 81 расійскі рубель). Праезд да порта Каўказ будзе каштаваць у чэрвені 125 даляраў і 100 тысяч беларускіх рублёў, у ліпені і жніўні — 135 даляраў і 100 тысяч. У дарозе трэба будзе правесці 36—40 гадзін, — запэўніваюць арганізатары. Яны дадаюць, што ахвотныя трапіць у Крым на аўтобусе праз Расію ў іх ужо ёсць, у тым ліку і жыхары Гомеля.

«Крым мы нават не разглядаем»

Восем гадоў запар, з 2000 па 2008, лета сустракаў ці праводзіў у Крыме вядомы гомельскі музыка Цімох Яжоў.

«Актыўна ездзіў у Крым «дзікуном», прычым у прамым сэнсе: з намётам і ежай, прыгатаванай на вогнішчы. Крым для такога менавіта адпачынку — чароўнае месца. Але «матрацнікаў», звычайных курортнікаў, якія ехалі ў Крым, я не разумеў. Бо цэны там былі немалыя, неапраўдана падвышаныя, прычым на ўсё, і гэта пры неадпаведнай якасці паслуг. З-за наплыву турыстаў крымскія курорты летам былі пеклам. Прычым з кожным годам дадзеная тэндэнцыя, па маіх суб’ектыўных уражаннях, узмацнялася.

Цяпер у мяне падрастаюць дзеці, і на наступны год можна будзе планаваць сямейны адпачынак. Крым мы нават не разглядаем як варыянт у дадзеным выпадку, прычым так вырашылі яшчэ нават да вядомых падзей там вясной. У Турцыю ці Балгарыю з дзецьмі будзе паехаць лепш і, напэўна, танней, — лічыць музыка. — Прычым я нікога не адгаворваю. У Крыме пабываць варта, асабліва таму, хто там не быў раней. У гэтым годзе, думаю, там будуць свае плюсы — менш людзей па вядомых прычынах, ды і кошты, напэўна, будуць не завоблачнымі».

«Сёлета не паедзем»

Будзе сумаваць па крымскім сонцы гэтым летам журналіст Мікола Бянько. «Мы з жонкай адпачывалі небанальна, паколькі ведалі добра Крым. Уздымаліся ў горы, адпачывалі на амаль што бязлюдных пляжах, пілі віно ў файных кабаках Ялты, Гурзуфа і Сімферопаля. Крымскае віно — гэта асобная тэма. За 200 грыўняў у фірмовай краме «Масандры» можна было набыць «Партвейн» 1984 года разліву з сургучнай пячаткай і пашпартам пацверджання прадукту за подпісам гендырэктара прадпрыемства», — узгадвае журналіст.

«У Крыме сваякі і сябры, захавалася настальгія па яскравых момантах жыцця. Я працаваў тры сезоны ў Артэку, таму выдатна разумею спецыфіку тамтэйшага светаўспрымання. Яшчэ да лістападаўскіх падзеяў ва Украіне, да пачатку Майдану, мы планавалі адпачынак на Азоўскім моры ў маі 2014.

Якраз у гэты час там ужо цёплая вада і цэны на паслугі, жытло і ежу прымальныя. Але пасля анексіі Крыма Расіяй планы на адпачынак у гэтым рэгіёне вымушаныя перанесці на момант, калі Украіна верне кантроль над часова акупаванымі тэрыторыямі. Сёлета не паедзем, бо не хочам адчуваць стрэс ад назірання вялікай колькасці трыкалораў над адміністрацыйнымі будынкамі, не хочам сустракаць «ветлівых зялёных чалавечкаў» і бачыць прыніжаных сяброў, якія не падтрымліваюць новы рускі парадак», — кажа Мікола Бянько.

Альтэрнатыву Крыму ён пакуль не прыдумаў. Будзе прыглядацца да ўзбярэжжа Балтыйскага мора ў Літве і Польшчы. Разам з тым, ёсць людзі, якія без страху едуць у Крым на цягніку і зараз. Бо ў Беларусі ці на іншых блізкіх ад нас морах няма «патрэбнага натуральнага рэльефу» — няма дзе лазіць. Па скалах. Менавіта Крым дзесяцігоддзямі вабіць гомельскіх скалалазаў. Гэты год не стаў выключэннем для некаторых гомельскіх спартсменаў.

«У Крыме цяпер усё танна»

Днямі вярнуўся з Крыма жыхар Гомеля Валер Болдзенка. Перад паездкай на крымскія скалы маладога чалавека знаёмыя палохалі ўсімі магчымымі жахамі і плёткамі, якія актыўна распаўсюджваюцца ўжо колькі месяцаў у Гомелі. Пра сотні абрабаваных, згвалчаных, забітых беларусаў, якія ехалі ва Украіну ці вярталіся адтуль.

Ён з сябрамі-скалалазамі трапіў у Крым на звыклым цягніку «Гомель—Сімферопаль». «Дарога прайшла нармальна, толькі дзве новыя мытні з’явіліся — украінская і расійская, значыць — прый-дзецца больш часу праводзіць у дарозе. А ў эканамічным плане — там, як мне здалося, цяпер вельмі танна пасля ўсіх гэтых змен. Заўважыў, што дробны бізнэс больш на грыўні працуе, буйны ж імкнецца пераходзіць на расійскія рублі.

Сустракаў там скалалазаў з Мінска, Магілёва. Наогул, скалалазы традыцыйна прыязджалі адусюль, ніхто нічога не баяўся. Проста турыстаў было менш на майскія святы, у параўнанні з ранейшымі гадамі, але ўсё-такі дастаткова было людзей, у тым ліку і з кантынентальнай Украіны», — падзяліўся ўражаннямі скалалаз.

Гэта яго не апошняя паездка ў Крым. Летам плануе зноў наведаць скалы на ўзбярэжжы. Прынамсі, як і яго сябры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?