Андрэй Мельнікаў. Фота радыё «Свабода». 

Андрэй Мельнікаў. Фота радыё «Свабода». 

Бард Андрэй Мельнікаў кажа, што «вылічыў» трагедыю на Нямізе яшчэ ў 1991 годзе, з дапамогай астралагічных тэхнік. і сапраўды: у некалькіх сваіх інтэрв'ю сярэдзіны 90-х ён кажа пра тое, што на Нямізе мае адбыцца штосьці жахлівае. Праўда, дакладна вызначыць год здарэння ён не здолеў.

«На пачатку 90-х я займаўся ў школе Паўла Глобы, — расказвае Мельнікаў. — Ён не вучыў прадказальнай астралогіі, але даваў магчымасці займацца гэтым самому.

І вось так сышлося, что ў маі 1991 года я вылічыў і атрымаў пацверджанне трагедыі, якая мусіла адбыцца на Нямізе. Ці ў метро, ці ў падземным пераходзе.

Я звязаўся з Мінгарвыканкамам. Спачатку мне не верылі. Але, відаць, у мяне быў такі імпэт, такі націск веры, што са мною пагадзіліся і зладзілі праверку. І сапраўды, знайшлі нейкія дробныя недахопы на станцыі метро «Няміга». Аднак нічога сур'ёзнага.

 Але прайшло 8 гадоў, і ў маі 1999-га адбылася трагедыя. Я добра памятаю гэты дзень. Я хрысціўся ў гэты дзень у Бабры, Алесь Пушкін быў маім хросным бацькам. Алесю было трэба ехаць у Мінск, везьці эскізы Аляксею Марачкіну. А Марачкін у той час жыў ля Нямігі. І Алесь наступнай раніцай першай электрычкай паехаў у Мінск, ішоў тым пераходам і бачыў наступствы… Я ж паехаў у іншы бок, і тая залева, якая загнала людзей у пераход, нагнала мяне дзесьці пад Оршай.

Да хрышчэння я займаўся прадказаннямі, але потым кінуў. Гэта грэх».

 

* * *

30 мая 1999 у падземным пераходзе на Нямізе адбылася масавая цісканіна, ахвярамі якой сталі 53 чалавекі. У гэты дзень, на Тройцу, на беразе Свіслачы адбывалася свята піва і прымеркаваны да яго канцэрт расійскага гурту «Манга-Манга». Раптам пачалася навальніца з буйным градам. Каля двух з паловай тысяч маладых людзей паспрабавалі схавацца ад непагадзі ў падземным пераходзе. У выніку цісканіны загінула 53 чалавекі, сярод якіх было 40 дзяўчат і два супрацоўнікі міліцыі. Большасць загінулых - маладыя людзі ў веку ад 14 да 20 гадоў. Больш за 150 чалавек атрымалі розныя раненні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?