У пятніцу стала вядома, што ў выключнай эканамічнай зоне Літвы ў Балтыйскім моры знаходзяцца ваенныя караблі Расеі.

Паміж 9 і 10 гадзінамі ў пятніцу ВМС Літвы атрымалі паведамленне аб тым, што з-за расійскіх марскіх вучэнняў мусяць мяняць курс цывільныя караблі, якія знаходзяцца ў выключнай эканамічнай зоне Літвы. Сярод апошніх было і судна, якое выконвае работы па пракладцы падводнага кабеля для электраэнергетычнага злучэння паміж Літвой і Швецыяй.

На гэта адрэагаваў карабель M52 Suduvis ВМС Літвы, які выйшаў у мора, туды ж быў накіраваны верталёт Мі-8 ВПС Літвы.

У выключнай эканамічнай зоне Літвы былі ідэнтыфікаваныя тры караблі Балтыйскага флоту ВМФ Расіі, паведаміла Мінабароны Літвы.

Два з гэтых караблёў адносяцца да аднаго з самых сучасных класаў карветаў. Іх прызначэнне — барацьба з цэлямі пад вадой, над вадой, на сушы і ў паветры, а таксама падтрымка дэсантных аперацый пры высадцы дэсанту на бераг, знішчэнне цэляў на адлегласці прыкладна 150 км. Гэтыя караблі абсталяваныя сучаснымі тэхналогіямі Stealth, якія ўскладняюць выяўленне карабля.

Трэці расійскі карабель — сучасны ракетны крэйсер.

Гэта ўжо другі падобны інцыдэнт на гэтым тыдні і трэці ў гэтым годзе, калі з-за ваенных вучэнняў РФ чыняцца перашкоды цывільнаму суднаходству ў выключнай эканамічнай зоне Літвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?