Шаснаццаты па ліку, справаздачна-выбарны з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) пачаў працаваць у Мінску. У мерапрыемстве бяруць удзел больш як 100 дэлегатаў з абласцей і Мінска.
Фота ucpb.org
Будзе абрана новае кіраўніцтва партыі, разгледжаны планы дзейнасці на найбліжэйшыя гады.
Плануецца вызначыцца з прэтэндэнтам ад партыі, які можа ўзяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ў якасці кандыдата.
З мэтай вызначэння такога прэтэндэнта падчас падрыхтоўкі да з'езда на рэгіянальных канферэнцыях АГП арганізавала ўнутрыпартыйныя праймерыз. Спісы для галасавання былі адкрытымі, усяго ў іх былі ўключаны 33 прозвішчы. Па выніках галасавання найбольшую колькасць галасоў набралі Аляксандр Дабравольскі (кіраўнік экспертнай камісіі), Анатоль Лябедзька і Васіль Палякоў (намеснік старшыні).
Абраны на з'ездзе прадстаўнік АГП, як растлумачыў лідар партыі Анатоль Лябедзька, «будзе браць удзел у якасці прэтэндэнта ў працэдуры выбараў адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл або, калі дамоўленасці па працэдуры дасягнутыя не будуць, — у якасці кандыдата ў прэзідэнты ад АГП».
Лябедзька лічыць, што ў 2015 годзе будзе «самая цяжкая кампанія».
Па-першае, адзначыў ён, у людзей назапасілася шмат расчаравання і стомленасці. Па-другое, Аляксандр Лукашэнка «атрымаў моцную падтрымку Крамля». Па-трэцяе, не выключае палітык, «Захад можа паўтарыць памылку, выдаўшы Лукашэнку крэдыты».
У той жа час, падкрэсліў Лябедзька, АГП можа «прэзентаваць пазітыўную альтэрнатыву».
«У нас ёсць антыкрызісная праграма, абмяркоўваць якую запрашаў Станіслава Багданкевіча на фуршэт Міхаіл Мясніковіч», — паведаміў ён.
Зазначым, што АГП да апошняга ўтойвала месца правядзення з'езда, апасаючыся правакацый. Рэч у тым, што партыя атрымлівала адмовы на просьбы ў арэндзе памяшканняў, якія традыцыйна выкарыстоўваліся для правядзення з'ездаў палітычных партый. У выніку з'езд праходзіць у канферэнц-зале аднаго са сталічных гатэляў.
Гл. таксама:
Старшынёй АГП на чарговы тэрмін пераабраны Анатоль Лябедзька, атрымаўшы 80% галасоў