У суботу, 31 мая, на Кастрычніцкай плошчы праходзяць здымкі перадфінальнай сцэны мастацкага фільма «Мы, браты» (папярэдняя назва «Авель»), паведаміў БелТА генеральны прадзюсер карціны Сяргей Ждановіч.
Паводле сюжэта, гарадскі аўтобус падрываецца ў цэнтры горада насупраць Палаца Рэспублікі. У ліку пацярпелых пасажыраў аказваецца і галоўная гераіня фільма — журналістка Сара ў выкананні амерыканскай актрысы Наташы Алам.
З меркаванняў бяспекі транспарт ўзарвалі на палігоне. Сцэны з пацярпелымі вырашана было зняць на праспекце Незалежнасці. «Гэта эпізод, калі Сара трапляе ў няпростую сітуацыю. Узнікае пытанне — а што будзе далей?» — кажа Сяргей Ждановіч.
120 чалавек масоўкі выступаюць у якасці пацярпелых, супрацоўнікаў хуткай дапамогі і МНС.
У сувязі з правядзеннем здымкаў Кастрычніцкую плошчу перакрылі да вечара 31 мая.
Бяспеку на пляцоўцы забяспечваюць супрацоўнікі праваахоўных органаў.
«Мы, браты» (у сусветным пракаце «We, Brothers», папярэдняя назва «Авель») — гісторыя двух братоў, кожнаму з якіх трэба будзе зрабіць складаны маральны выбар.
Адзін з іх — малады афіцэр Павел — губляе сям'ю, каханне і кар'еру і міжволі аказваецца ў самым цэнтры інтрыг тайнай суполкі, якая паставіла пад пагрозу жыццё мільёнаў людзей па ўсёй зямлі.
Прэм'ерны паказ карціны запланаваны на Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад-2014».