Шэсць чалавек былі затрыманы міліцыяй у час масавай бойкі ў гомельскім кафэ "Крыніца", якое размешчана на праспекце Касманаўтаў.

Як ужо паведамляў БелаПАН, бойка пачалася 10 лістапада прыкладна а палове першай ночы. На той момант у кафэ знаходзілася 50 чалавек. Паводле слоў адміністратара ўстановы Наталлі Хадановіч, бойка паміж наведвальнікамі пачалася з-за таго, што хлопец ударыў дзяўчыну па твары, а яе сябры заступіліся за пацярпелую.

Аднак адзін з відавочцаў расказаў БелаПАН іншую версію: "За столікам сядзела кампанія — выпівалі і закусвалі. Пасля хлопцы пайшлі пакурыць на вуліцу, а за час адсутнасці за іх столік селі іншыя маладыя людзі, якія нахабна з'елі і выпілі тое, за што не плацілі. З вуліцы вярнуліся гаспадары століка, і пачалася разборка".

Паводле слоў відавочцаў бойкі, спачатку на вуліцы высвятлялі адносіны каля дзесяці чалавек, пасля ўдзельнікі бойкі сталі званіць па мабільных тэлефонах сваім сябрам і клікаць іх на дапамогу. Такім чынам, да прыезду на месца здарэння супрацоўнікаў дэпартамента аховы ў бойцы ўдзельнічалі ўжо 60 чалавек.

"Калі хуліганы ўбачылі двух супрацоўнікаў дэпартамента аховы, яны перасталі біцца паміж сабой і накінуліся на іх, спрабуючы забраць аўтаматы. Работнікі дэпартамента адкрылі агонь у паветра, каб хоць неяк спыніць хуліганаў, але дарма — ніхто не адрэагаваў. Больш за тое — яны накінуліся на праваахоўнікаў і пачалі іх збіваць. Супрацоўнікі дэпартамента выклікалі міліцыю і хуткую, і неўзабаве каля кафэ стаяла восем машын міліцыі і адна — хуткай дапамогі. Шэсць зачыншчыкаў пабоішча затрыманы, астатнія ўцяклі", — расказаў адзін са сведкаў здарэння.

У дэпартаменце аховы і аддзяленні міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля пацвердзілі факт масавай бойкі і паведамілі, што цяжкіх цялесных пашкоджанняў ні хуліганы, ні супрацоўнікі міліцыі ў ходзе бойкі не атрымалі: медыкі зафіксавалі толькі гематомы і разбітыя насы. Разам з тым каментаваць здарэнне ў міліцыі адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што прававую ацэнку масавай бойцы дасць пракуратура.

Жыхары суседняга з кафэ дома паведамілі БелаПАН, што бойкі ў "Крыніцы" — звычайная з'ява, але такую агрэсіўнасць і масавасць кліенты ўстановы праявілі ўпершыню.

"Наогул наш мікрараён — Сельмаш — лічыцца самым крымінагенным у горадзе, і гэта лёгка патлумачыць. У савецкія часы на тэрыторыі мікрараёна размяшчаліся тры спецкамендатуры — зняволеныя будавалі гігант прамысловасці — завод "Гомсельмаш", а пасля яны тут аселі", — пракаментаваў адзін з жыхароў дома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?