33 краіны ўнесьлі на Генэральнай асамблеі ААН праект рэзалюцыі, якая асуджае Беларусь за парушэньне правоў чалавека.

Аўтары дакумэнту выражаюць «глыбокую занепакоенасьць з нагоды працягу выкарыстаньня сыстэмы крымінальнага правасудзьдзя для таго, каб прымусіць замаўчаць палітычную апазыцыю й праваабаронцаў, у тым ліку ў форме самавольнага затрыманьня, невыкананьня належных працэсуальных нормаў і зачыненых палітычных судовых працэсаў над вядучымі прадстаўнікамі апазыцыі й праваабаронцамі».

У праекце рэзалюцыі гаворыцца пра «далейшую эрозію дэмакратычнага працэсу» й сьцьвярджаецца, што мясцовыя выбары ў Беларусі ў 2007 годзе прайшлі з выкарыстаньнем мэтадаў запужваньня апазыцыі й уціску незалежных СМІ.

Аўтары праекту, сярод якіх ЗША, краіны Эўразьвязу й Японія, нагадалі Менску пра гвалтоўнае зьнікненьне трох палітычных апанэнтаў прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе й журналіста ў 2000 годзе.

У віну Беларусі пастаўлены ўціск і закрыцьцё няўрадавых арганізацый, арганізацый нацыянальных мяншыняў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, рэлігійных груп, апазыцыйных палітычных партый, незалежных прафсаюзаў і студэнцкіх арганізацый. У сьпісе «перасьледаваных уладамі» фігуруе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

Летась Генэральная асамблея прыняла рэзалюцыю, якая асуджала Менск за парушэньне дэмакратычных свабодаў. Расея галасавала «супраць».

РИА Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0