Еўрапейская камісія ў сераду дазволіла Літве ўвесці еўра з 2015 года. Краіна, якая ўжо дзесяць гадоў з'яўляецца членам Еўрасаюза, беспаспяхова спрабавала ўвесці еўра ў 2007 годзе, стане 19-м членам зоны еўра і апошняй з трох Балтыйскіх дзяржаў.

Камісія паведаміла, што, прымаючы пад увагу прагрэс Літвы ў імкненні адпавядаць крытэрам, яна прапануе Савету Еўрапейскага саюза дазволіць Літве ўвесці еўра з 1 студзеня 2015 года.

«Гатоўнасць Літвы да ўвядзення еўра — вынік шматгадовых намаганняў правядзення абачлівай фіскальнай палітыкі і эканамічных рэформаў. Дзякуючы рэформам, прыступіць да якіх Літву заахвоціла ўступленне ў ЕС дзесяць гадоў таму, відавочна ўзрос дабрабыт краіны: доля ВУП на аднаго жыхара вырасла з 35% ад сярэдняга паказчыка па ЕС у 1995 годзе да плануемых 78% у 2015 годзе», — адзначае ў паведамленні для друку намеснік камісара па пытаннях эканомікі, грашовай палітыкі і еўра Олі Рэн.

Як гаворыцца ў прэс-рэлізе, сярэдняя гадавая інфляцыя Літвы ў красавіку склала 0,6% — значна менш за дапушчальны крытэр інфляцыі 1,7%. ЕК прагназуе, што фіскальны дэфіцыт Літвы ў гэтым годзе застанецца на ўзроўні 2,1% — менш за дапушчальныя 3%. Акрамя таго, у канцы мінулага года запазычанасць сектара ўлады складала 39,4% ВУП і была ніжэй за патрабаваную.

Адпавядалі патрабаванням і доўгачасовыя працэнтныя стаўкі, якія ў красавіку складалі 3,6%, у той час як Маастрыхцкі крытэр устаноўлены ў 6,2%.

Камісія ацэньвала адпаведнасць 8 краін Маастрыхцкім крытэрам — з іх толькі Літва адпавядала неабходным умовам. Астатнія дзяржавы — Балгарыя, Чэхія, Харватыя, Польшча, Румынія, Швецыя і Венгрыя — будуць ацэненыя праз два гады.

Канчатковае рашэнне аб увядзенні еўра будзе прынята ў другой палове ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?