Пра Дзяды на Трышынскіх могілках піша наш чытач зь Берасьця, гісторык Ігар Бараноўскі.

На Дзяды берасьцейская інтэлігенцыя і моладзь сабраліся на старых Трышынскіх могілках, на месцы спаленай у 1960-я гады царквы, дзе на пачатку 1990-х быў устаноўлены помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Ушанаваць памяць прыйшлі каля паўсотні чалавек.

Да помніку, які, дарэчы, устанавілі не ўлады, а самі рэпрэсаваныя, быў ускладзены бел-чырвона-белы вянок з надпісам “У памяць берасьцейцаў — расстраляных, сасланых і зьнішчаных у савецкіх канцлягерах», а таксама вялікі вазон зь белымі хрызантэмамі. Былі запалены лямпадкі і зьнічы, былі словы пра пра продкаў-дзядоў, была сумесная малітва «Ойча наш» і гімн «Магутны Божа” у памяць пра ўсіх, хто адышоў у вечнасьць.

Больш за гадзіну доўжылася памінальная імпрэза. Узгадваліся выдатныя берасьцейцы, імёны якіх дагэтуль не ўшанаваныя ня тое што ў назвах вуліцаў ды ўстановаў Берасьця, але нават у музейных экспазыцыях гораду пра іх няма ні слова.

Сярод іх варта назваць выдатнага гісторыка Аляксандра Цьвікевіча, які быў міністрам юстыцыі, міністрам замежных спраў і прэм’ерам Беларускай Народнай Рэспублікі ды ягонага роднага брата Івана Цьвікевіча, які працаваў прадстаўніком БНР у Коўне ў місіі Чырвонага Крыжа, — яны нарадзіліся і вырасьлі ў Берасьці.

Першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (паходзіць з Такароў за 30 км ад Берасьця).

Пётру Крачэўскага (быў Прэзыдэнтам БНР у выгнаньні), што нарадзіўся на Кобрыншчыне ў сям’і сьвятара.

Рамана Скірмунта з м. Парэчча (Пінскі р-н) — грамадзкага дзеяча, фундатара беларускага руху і прэм’ер-міністра БНР…

Акрамя П.Крачэўскага, які памёр на эміграцыі ў Празе, усе яны разам з сваімі сем’ямі сталі ахвярамі бальшавіцкіх рэпрэсіяў.

Добрым словам былі ўзгаданыя пісьменьнік Уладзімір Калесьнік, вакол якога фармавалася беларускае кола ў Берасьці, яму сёлета споўнілася б 85 гадоў.

Таксама — мастак Мікола Селяшчук (яму было б усяго 60), які пахаваны ў Берасьці, дзе жывуць яго бацькі.

Уладзімір Базан — адзін зь лідэраў берасьцейскай адраджэнскай сябрыны ў 1990-я, стваральнік структураў БНФ у вобласьці, мастак і вядомы ў Беларусі знаўца-калекцыянер бонаў, кіраўнікі таварыства рэпрэсаваных ды іншыя грамадзкія актывісты.

Прысутныя на жалобным мерапрыемстве распавядалі і пра сваіх блізкіх, лёсы якіх скалечыла савецкая таталітарная сыстэма. Для берасьцейцаў, якія ў міжваенны час жылі пад Польшчай, 1937-ы наступіў пазьней, пасьля далучэньня да БССР. Адной з страшных дат мясцовай гісторыі сталі дні 10-13 лютага 1940 г., калі ў 40-градусны мароз і завіруху адбывалася першая масавая дэпартацыя «ворагаў народу» ў Заходняй Беларусі. Паводле прыведзеных спн. Т.Процькай архіўных зьвестак у выніку гэтай карнай апэрацыі НКВД зь Берасьцейскай вобл. было выслана цягнікамі ў Сібір 15671 чал., зь Пінскай вобл. — 12210 чал., з Баранавіцкай вобл. — 29113 чал. Тысячы іх загінулі ў нечалавечых умовах яшчэ ў дарозе.

Для Заходняй Беларусі, зь якой у выніку дэпартацый толькі 1940 г. было выслана амаль 100 тысячаў жыхароў, гэта быў толькі пачатак рэпрэсіяў. Яшчэ большы памер яны набылі ў першыя пасьляваенныя гады, падчас прымусовай калектывізацыі...

Узгадваючы трагічныя падзеі беларускай гісторыі, калі толькі за адну страшную ноч 29—30 кастрычніка 1937 г. было расстраляна каля сотні беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячаў, давялося ўзгадаць і катаў ды іх незайздросны лёс.

Адзін з тых катаў — Ляплеўскі Ізраіль — аказаўся зьвязаны сваім месцам нараджэньня зь Берасьцем. Гэты камісар дзяржбясьпекі 2-га рангу, які стаў чэкістам яшчэ ў 1918 г., быў наркомам унутраных спраў БССР з 1934 да канца 1936 г. Пры ім 3 лістапада 1936 г. распачаліся масавыя арышты па гучнай справе, сфабрыкаванай супраць беларускай інтэлігенцыі (было арыштавана 70 чалавек). НКВД тады «выкрыла» контррэвалюцыйную арганізацыю на чале зь пісьменьнікамі Міхасём Зарэцкім, Анатолем Вольным, Тодарам Кляшторным, Валер’ем Мараковым. Як адзначалі энкавэдысты, мэтай гэтых масавых арыштаў, папярэдне ўзгодненых у ЦК КП(б)Б, было выкараненьне іншадумства сярод пісьменьнікаў, журналістаў, выкладчыкаў і студэнтаў. Вось у чым НКВД убачыла віну інтэлігенцыі: «В разных местах, на квартирах, в столовых устраивались контрреволюционные сборища, на которых ставились вопросы о том, что Советской властью «уничтожается белорусская культура», «что в Белоруссии проводится ўгнетение белорусского народа». На этих же сборищах враждебно обсуждали политику партии, клеветали и дискредитировали руководство ВКП(б)».

Сёньня міліцыянты і судзьдзі з пракурорамі штампуюць падобныя абвінавачваньні і судовыя справы супраць моладзі. У многіх берасьцейцаў на памяці гучная справа з скандальным арыштам трох дзясяткаў маладых хлопцаў і дзяўчат, што сабраліся Берасьці ў адной з кавярняў на прэзэнтацыю кнігі Паўла Севярынца. Напрошваецца паралель з падзеямі 70-гадовае даўніны…

Тым, хто ня хоча ведаць уласнай гісторыі, хочацца нагадаць, як скончылі іх папярэднікі, што кляпалі справы і прыгаворы ў 1937-м. Большасьць тых катаў і лжэсьведкаў празь нейкі час ужо самыя сталі ахвярамі — трапілі такім чынам самімі ж запушчаную зьнішчальную машыну савецкага таталітарызму. З 15 кіраўнікоў ЧК-ГПУ-НКВД БССР за пэрыяд з 1918-га па 1941 г. ні адзін не памёр уласнай сьмерцю — усе былі асуджаныя і расстраляныя! Менавіта так скончыў жыцьцё чэкіст Ізраіль Ляплеўскі, які пасьля «выкрыцьця» контррэвалюцыйнай арганізацыі ў Беларусі пайшоў на падвышэньне — стаў намесьнікам наркаму ўнутраных спраў СССР. Затым яго кінулі зьнішчаць ворагаў народу ва Ўкраіне, дзе ён узначальваў НКВД. Але ўжо ў красавіку 1938 г. ён быў арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Узгадваюцца радкі з псальмаў: «Сьмерць грэшнікаў лютая; грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка».

Нават празь дзесяцігодзьдзі забыцьця і няпраўды, праз урыўкавыя архіўныя зьвесткі мы і сёньня адкрываем вартыя нашай памяці імёны змагароў за Беларусь.

На Дзяды, 1 лістапада, берасьцейцы адкрылі для сябе адно з такіх імёнаў. На Трышынскіх могілках Берасьця сёлета адшукана магіла Адама Трыпуса-Траянава, які быў кіраўніком у Гарадзенскім павеце эсэраўскай БНРаўскай партызанкі, якой кіраваў В.Ластоўскі. З архіўных крыніц вядома таксама, што ён уваходзіў у склад Гарадзенскага акруговага штабу. Адам Трыпус трагічна загінуў пры нявысьветленых абставінах у сярэдзіне 1960-х... Яго дачка як вялікую каштоўнасьць захоўвала «Пагоню» з яго афіцэрскай кукарды, хоць бацька ёй амаль нічога не распавядаў пра сваю дзейнасьць у 1918—20-я. Трэба адзначыць, што адкрыцьцё ў Берасьці імя гэтага беларускага дзеяча, які паходзіў з Гарадзеншчыны, па-сапраўднаму дзівоснае і толькі Божым умяшальніцтвам можа быць патлумачанае: у свой час зусім выпадкова ўдалося натрапіць на згадку пра Адама Трыпуса ў архіве, але яшчэ больш дзіўна было літаральна праз колькі дзён пазнаёміцца з дачкой гэтага чалавека! Так сталася, што пры жыцьці яна не пасьпела паказаць краязнаўцам магілу бацькі. Але яе паказаў іншы чалавек, які ўдзельнічаў у пахаваньні Адама Трыпуса — Георгі Грынкевіч. Блізкімі сваяцкімі сувязямі ён адначасова зьвязаны з Уладзімірам Караткевічам і Ларысай Геніюш...

«Памяць праведніка жыць будзе вечна. Благое весткі ён не збаіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0