Аляксандру Л. пагражае да 10 гадоў зняволення. Закрыты суд будзе адбывацца ў спецыяльна ахоўванай зале Акруговага суда, піша польская «Газета выборча».

Дэталі справы застаюцца невядомымі. Вядома, што абвінавачванне перададзенае ў суд у лютым апеляцыйнай пракуратурай Варшавы. Беларуса абвінавачваюць па арт. 130 частцы 1 Крымінальнага кодэкса, якая сфармулявана так: «Хто бярэ ўдзел у дзейнасці варожай выведкі супраць Польшчы, падлягае пакаранню пазбаўленнем волі ад года да дзесяці гадоў».

Беларуса таксама абвінавачваюць па артыкуле аб вырабе і выкарыстанні падробных дакументаў. 

У пачатку года прайшла інфармацыя пра затрыманне двух грамадзян Беларусі, якіх падазравалі ў шпіянажы. Гаварылася, што адзін з іх, 41-гадовы, ужо два гады знаходзіцца пад арыштам. Ён некалькі гадоў супрацоўнічаў з афіцэрамі вайсковай выведкі, якія лічылі яго сваёй крыніцай у беларускіх спецслужбах і плацілі за інфармацыю. Тады польскія СМІ пісалі, што тая інфармацыя аказалася дэзінфармацыяй. 

Пісалі таксама, што і аднаго, і другога затрыманага цікавілі звесткі пра польскія Узброеныя сілы.

У сакавіку спецкамісію Сойма паінфармавалі пра справу на нетыповым пасяджэнні. Яно адбылося не ў Сойме, як звычайна, а ў будынку спецслужбы. На паседжанні гаварылася пра два асобныя расследаванні, так пісалі, прынамсі.

Адзін з прысутных там дэпутатаў пазней расказаў, што адна з асоб збірала далікатную інфармацыю пра ключавыя элементы сістэмы нацыянальнай абароны, а другая імкнулася да «дэстабілізацыі дзяржавы», піша «Выборча».

Апошняя падобная справа разглядалася ў Варшаве ў 2009 годзе, калі Акруговы суд Варшавы судзіў грамадзяніна Беларусі Сяргея Моніча, затрыманага ў 2006 годзе. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?