Следчым камітэтам устаноўлены яшчэ адзін эпізод атрымання хабару рэктарам дзяржаўнай установы адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» (Інбелкульт).
Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, азначаная асоба, у маі гэтага года, знаходзячыся на працоўным месцы, атрымала хабар у выглядзе тэлевізара «LG», коштам каля чатырох мільёнаў рублёў за прадастаўленне ў карыстанне нерухомасці ўзначаленай установы ў інтарэсах хабарадавальніка, паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Устаноўлена, што намер падазраванага быў накіраваны на атрыманне матэрыяльных каштоўнасцяў выключна для сябе і ў сувязі з займаемым ім службовым становішчам.
Як паведамлялася раней, падазраваны быў затрыманы ў момант атрымання хабару ў памеры 2000 даляраў ЗША, у дачыненні да яго расследуецца крымінальная справа.
Гэтыя грашовыя сродкі рэктар атрымаў таксама за спрыяльнае вырашэнне пытання аб прадастаўленні ў карыстанне нерухомасці ўстановы без дакументальнага афармлення.
Дзеянні службовай асобы кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне працягваецца.