Падлетак

Тыпаж у ФБ вельмі распаўсюджаны. Прыкметы: скрайнемаксымалістычныя выказваньні на вузказададзеную тэму, адмаўленьне іншых меркаваньняў і вопыту чалавецтва як такога. Усе тэксты перанасычаныя «Я», якое з’яўляецца альфаю і амегай ўсіх пасылаў. Звычайна абсалютна ўпэўнены ў сваіх ведах па любой тэме, хаця акрамя шэранькага ВНУ з няўцямнай спэцыяльнасьцю ніякай адукацыі няма. Затое прасочваецца вельмі шмат адсылак да колішніх страчаных магчымасьцяў – «калі б я ў свой час захацеў, то стаў бы касманаўтам, музыкам» і г.д.

Пазёрства, празьмерная колькасьць комплексаў, якія ня толькі не зьнікаюць, але і, наадварот, становяцца з часам усе больш відавочнымі для ўсіх, акрамя самога іх уладальніка. У мове празмерна прысутнічае трасянка, слэнг і іншыя моўныя вычварэньні, якія выкарыстоўваюцца знарок, каб за штучнай непасрэднасьцю схаваць хваравітыя і экзальтаваныя пачуцьці. 

Круг цікавасьцяў не вызначаецца, бо відавочных, акрамя кампутара (сядзеньня ў інэце) знайсьці немагчыма. Род заняткаў такі, як кола цікавасьцяў – хз. То бок, можа мяняцца часьцей, чым аватарка. Пол – прыкладна 50/50. Палітычныя погляды – радыкальныя, ці то «зялёны» ці то «нацбол». Лайкае на ўсялякі выпадак усё! Часта злуецца, расфрэнджвае на раз.

Сірата-няздара

Неад’емны ў белсэгмэнце ФБ персанаж. Найчасьцей мужчынскага полу. Прыкметы: — носьбіт цяжкой наследнай рысы нацыянальнага менталітэту – «сіроцтва». (гл. Сымон-музыка» і іншыя нягеглыя жаласьлівыя сыны і дочкі нашай матухны Беларусі). Класічныя адносіны да такога – «абняць і плакаць». 

У тэкстах, як маркеры, сустракаюцца: – «эх, бедны я, няшчасны», «во людзі жывуць», «зажраліся», «а я на мора ні паеду», «даношваю апошнія джынсы», «панабудавалі сабе палацаў», «адкуль у яго такі самаход», «дапамажыце зьняць кватэру і так каб бясплатна». Можа быць чулым і душэўным, але найперш у адносінах да сябе. Правакуе на спачуваньне і спагаду. Фота лепш не глядзець, бо нават вочы ката з фільма «Шрэк» пададуцца ў параўнаньні з ягонымі злымі і суворымі.

Схільны дэградаваць, бо праз празмерную шкадобу да сябе ня можа нідзе і нічога рабіць (і зарабіць). Клікаць на піва/кіно/більярд/футбол/шопінг і г.д. безсэнсоўна (хіба за свае грошы). Інакш сустрэча ператворыцаа ў размову пра ягоную беднасьць. Погляды – ліберальна-аморфныя. Лайкае ўсё жаласнае і любіць смайлікі са сьлёзкай.

Калгасьнік

Сустракаецца надзвычай рэгулярна, нягледзячы на высокі ўзровень урбанізацыі ў краіне. Прыкметы: — падсьвядомая нелюбоў да ўсяго якаснага і пародыстага. Непрыхаванае жаданьне выкрыць хібы ва ўсіх і ва ўсім. Носіць віртуальны бруд пад пазногцямі і любіць упікнуць тых, хто робіць манікюр. Неахайны. Лічыць гэта за гонар, бо «ваяваў і мае права». Палітычныя погляды шырокія – ад камуністычных да манархічных. Беларускае любіць да сьлёз – але адмаўляе ў праве на такую любоў іншым, тым хто «гарадскі», «задужа разумны» і г.д. Любіць паўпіраць на блізкасьць да зямлі і працы, хаця сам даўно езьдзіць «на веску» толькі за торбай ежы. Крытукуючы ўладу, абавязкова аддзяляе «харошае»: так, палітвязьні! – але, які хакей далі Еўропе!» Ясна — носіць шкарпэткі са шлёпкамі і посьціць свае канцавіны ў ФБ зь любога месца, дзе бывае. Пол – 50/50. Крыўдлівы і помсьлівы, любіць панібрацтва і плёткі пра віртуальных і ня вельмі сяброў.

Віртуальны Чэ

Неад’емны тыпаж сацсетак. Фота ці адсутнічае (замест яго ваўкі, пагоні, мячы і зброя) ці на ім зацягнуты ў дубовы двубортны піджак дзядзька. Праца ці схаваная, ці скарочаная ў такую незразумелую нікому сумніўную НДАшную абрывіятуру, што яе ня можа патлумачыць ніхто, апроч самога Чэ. 

Пасты глыбокія, сур’ёзныя, гнеўныя і настолькі аднолькавыя, што ня мае сэнсу засяроджвацца на іх зьмесце – заўтра будзе новы. Мова падкресьлена правільная. На здымках няма дзяцей, кацянятаў, п’янак з шашлыкамі. Чэ вядзе здаровы лад жыцьця, мае такіх самых сяброў і ідэю за якю абавязкова складзе галаву, як толькі вернецца з Варшавы (Чыкага, Лондану і г.д.) Засмечвае стужку перапостамі з сур’ёзных рэсурсаў, куды сам і піша пад іншым псэўданімам. Лайкаў ставіць мала, у асноўным пад каментарамі да свайго паста. Часта непрыхаваны эратаман, бо побач з вытрымкамі з дакладу прадстаўніка ПАСЕ выкладае мадэльку з цыцкамі апошняга памеру. Падкрэсьлены мачо, хаця сочыць за сабой мала і на пасольскіх прыемах есьць усё рукамі.

Наседка (маці-гераіня)

Шырака распаўсюджаная як у рускамоўным, так беларускамоўнм сэгмэнтах Інэтаў. Прыкметы: усе паведамленьні — як вытрымкі з кнігі «О вкусной и здоровой пище» — змест вузкапрыкладны, назідальны і слінавыдзяляльны. Пасыл – «Гляньце, якая я гаспадыня! І дранічкі дзяру, і печыва пяку, і катлеткі смажу! А на якіх патэльнях, а якія талерачкі! А абрус!!!? – сама вышыла!» Тут жа дадаюцца падрабязнасьці вядзеньня хатняй гаспадаркі, адносінаў са сваякамі мужа, а таксама адказнасьць у выкананьні супружніх абавязкаў. Само па сабе гэта было б даволі бясшкодна, калі б усё не падмацоўвалася рэпартажамі з жыцьця дзяцей (немаўлятаў) – прычым з максымальнымі фізыялагічнымі падрабязнасьцямі: — «Ой, гляньце, што мы адрыгнулі па абедзе!» «А які ў нас зубік выпаў!», «А ў вашага гадаванца таксама вось такога колеру какулі пасьля бульбянога пюрэ?» Пры сваей вонкавай добразычлівасьці наседка гістэрычна і злосна можа сварыцца з усімі, хто не ацэніць вышэй пададзеныя цуды. Сябруе па-сапраўднаму толькі з такімі ж пэрсанажамі як і сама, пасьмейваецца з тых, хто бегае з раніцы і качае прэс (а па праўдзе — зайздросьціь). З задавальненьнем палайкае фоткі сімпатычных мужчынаў, між іншым адзначыўшы, што канешне лепш за яе мужа нікога няма ў сьвеце. Абавязкова павесіць на вашую сьцяну самую кандовую паштоўку з букетам ружаў на Дзень нараджэньня, прычым першай – а 7-ай раніцы, бо як сапраўдная гаспадыня падымаецца з сонейкам.

Ветэран

Неад’емны і ўсюдыісны заўсёднік ФБ. Прыкметы: усё ведае, усіх бачыць наскрозь, быў каардынатарам (сябрам, чальцом) усіх партый, рухаў, суполак, кампаній. Яго нельга здзівіць, спалохаць, насьмяшыць, парадаваць. Можна толькі пацешыць яго самалюбства спасылкамі на яго словы (меркаваньне, аўтарытэт і вопыт). Піша часта, здараецца што цікава і змястоўна, але найчасьцей усё з тым жа пасылам невыноснай лёгкасьці быцьця. Любіць пацвяліць віртуальных змагароў. Чытае наўскось, а па-сапраўднаму — толькі такіх самых бывалых вэтэранаў. Не сочыць за чужымі днямі нараджэньня, жыцьцёвымі здарэньнямі, не каментуе фоткі, затое памятае пра даты ў гісторыі, угодкі сьмерці ды іншыя падобныя падзеі. На 90% — мужыкі, але бываюць і пані.

Сьвецкая ільвіца

Жаночы тыпаж. Прыкметы: — піяр і самапіяр ва ўсіх яго праявах. Пра што б не быў пост, галоўным яго зьместам з’яўляецца асоба аўтара (безумоўна, у новым строі). У паведамленьнях: справаздачы пра паездкі ў замежжа, удзел у тусоўках, канцэртах, выставах, знаёмства з зоркамі, прысутнасьць на адкрыццях новых крамаў, рэстарацыяў і г.д. Асаблівым шыкам лічыцца прысутнасьць на закрытых для простых сьмертных імпрэзах – тут патас ільвіцы можа раскрыцца напоўніцу. Пры адсутнасці падзеяў ільвіца зьнікае са стужкі і нудзіцца ў чаканьні новых звышважных падзеяў. Сама па сабе ільвіца не ўяўляе небяспекі, але калі яна спалучае ў сабе рысы Чэ, то карціна становіцца значна больш сур’езнай…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0