Міністэрства аховы здароўя плянуе зрабіць чарговую спробу падарваць наладжанае існаваньне прыватных мэдцэнтраў. Паводле інфармацыі «Ежедневника», 5 сьнежня ў Адміністрацыю прэзыдэнта паступіць на ўзгадненьне законапраект, які можа справакаваць уцёкі з прыватных мэдцэнтраў высокакваліфікаваных спэцыялістаў.

Як удалося высьветліць «Ежедневнику», аўтары законапраекту прапануюць абмежаваць стаўку першага разраду дактароў прыватных клінік да 140 тысяч рублёў, што, на думку аўтараў закону, прывядзе да адтоку кваліфікаваных кадраў у дзяржаўны сэктар. Але праблема ў тым, што ў прыватных мэдцэнтрах практыкуюць, як правіла, дасьведчаныя прафэсары й кандыдаты навук, якія з увагі на свой век і статус наўрад ці пагодзяцца запоўніць тыя вакансіі, на якія цяпер у Мінздраве існуе сур’ёзны дэфіцыт.

Між тым, калі стаўка першага разраду для прыватных клінік будзе ўрэзаная больш як удвая (у буйных мэдычных цэнтрах стаўка першага разраду вагаецца ў межах 360‑380 рублёў), то гэта выкліча нямала праблем. У клінік застанецца толькі адзін шлях, як утрымаць дасьведчаныя кадры: выплачваць зарплату ў капэртах, эканомячы тым самым на адлічэньнях з фонду заробнай платы. Ад такога тарыфнага дэмаршу ў першую чаргу пацерпіць дзяржаўны скарб, які недаатрымае за год дзясяткі мільёнаў даляраў. Пры гэтым прафэсура наўрад ці пакіне наседжаныя месцы. Што да маладых кадраў, то яны цяпер больш арыентуюцца на новыя краіны Эўразьвязу. Напрыклад, Польшча сёньня ўсімі сіламі стараецца кампэнсаваць уласны адток мэдыцынскіх кадраў, якія хутка перацяклі ў больш спакойныя й заможныя краіны ЭС.

Каб зьберагчы здароўе нацыі, улады Польшчы робяць усё магчымае, каб прыцягнуць мэдыкаў з сумежных дзяржаў, завабліваюць прыежджых спэцыялістаў добрымі заробкамі й высокім сацыяльным статусам. Іншымі словамі, можа атрымацца так, што кадры з прыватных клінік Беларусі сыдуць, але ў дзяржсэктар ня прыйдуць, а зьедуць у Польшчу, Літву альбо ў іншую краіну.

Асобныя гульцы на рынку ўжо цяпер не хаваюць сур’ёзнай заклапочанасьці і не выключаюць перапрафіляваньня сваіх прадпрыемстваў у рэстараны й гасьцініцы.

Алею ў агонь можа падліць таксама штучнае рэгуляваньне цэнаў на мэдпаслугі, пра магчымасьць якога ўжо заяўляў міністар аховы здароўя Васіль Жарко. У прыватнасьці, мяркуецца ўсталяваць гранічныя цэны на паслугі, якія будуць фармавацца сыходзячы з рэальных выдаткаў дзяржаўнага сэктару. Для рэалізацыі гэтай ідэі была прынятая Пастанова Саўміну №1027 ад 13.08.2007 году, згодна зь якой Мінздраў цяпер мае права і абавязаны «распрацоўваць і зацьвярджаць адзіныя нормы і нарматывы матэрыяльных і працоўных выдаткаў на платныя мэдычныя паслугі, якія аказваюцца юрыдычнымі асобамі ўсіх формаў уласьнасьці й індывідуальнымі прадпрымальнікамі ва ўсталяваным парадку». Як патлумачылі спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя, кошт канкрэтнай мэдычнай апэрацыі фарміруецца з разьліку кошту матэрыялаў, заробнай платы доктара, арэнднай платы ды іншых выдаткаў. Пры гэтым суразмоўца «Е» пагадзіўся, што ў прыватных клініках згаданыя паказьнікі, несумненна, вышэйшыя, чымсьці ў дзяржаўных. Да прыкладу, заробная плата доктара звычайнай дзяржпаліклінікі фарміруецца з акладу 230‑240 тысяч і вялікай колькасьці ўсемагчымых надбавак. Прыватныя клінікі закладаюць у сабекошт істотна большую заробную плату дактароў. Таму калі на асобныя паслугі будзе ўсталяваная гранічная дзяржаўная цана, багата якія цэнтры апынуцца на мяжы банкруцтва.

Асобныя гульцы на рынку ўжо цяпер не хаваюць сур’ёзнай заклапочанасьці і не выключаюць перапрафіляваньня сваіх прадпрыемстваў у рэстараны й гасьцініцы. Нагодай для такога пэсымізму служыць яшчэ адзін пункт у заканадаўчым мэню Мінздраву. Мяркуецца, што галоўная мэдычная ўстанова краіны апроч тарыфных абмежаваньняў усталюе перашкоду для ўвозу ў краіну новых мэдычных тэхналёгій, выразна вызначыўшы тры тыпы мэдычнага абсталяваньня. Усе тэхналёгіі, якія зьвяцца пасьля, спатрэбіцца працягваць у Беларусь праз заканадаўчыя перашкоды. На думку прыватных мэдыкаў, калі Мінздраў ня зьменіць сваіх плянаў па ўкараненьні заканадаўчых ноў‑хаў, нашу краіну чакае пэрыяд карупцыйнай, ценявой мэдыцыны й апэрацый на доме.

Паводле: «Ежедневник»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0