У аўторак антыманапольная ўлада Літвы наклала на «Газпром» штраф у памеры 123 млн літаў (каля 50 млн даляраў) за стварэнне перашкоды для літоўскай фірмы імпарту з Заходняй Еўропы газу, таннейшага за расейскі.

Справу супраць «Газпрому» літоўская Рада ў пытаннях канкурэнцыі пачала ў 2012, пасля скаргі фірмы Lietuvos Energijos Gamyba. Тая фірма дамовілася з заходнееўрапейскім энергетычным канцэрнам пра пастаўкі таннага газу на ўмовах абмену. Той канцэрн прапанаваў, каб узамен на пэўную колькасць расійскай сыравіны, якая дастаўляецца ямальскім газаправодам праз Польшчу ў Германію, літоўская фірма атрымала такую самую колькасць сыравіны. А Lietuvos Energijos Gamyba заплаціла б за тую сыравіну танней, чым за газ, куплены ў «Газпрома». Дамова мела дзейнічаць у 2013—15.

Аднак транзакцыя патрабавала ўзгаднення з расійскім канцэрнам, які трымае манаполію на пастаўку газа Літве, а таксама дастаўляе газ у Германію праз Польшчу. Аднак «Газпром» адмовіўся размаўляць з Lietuvos Energijos Gamyba на тэму такога абмену.

На думку літоўскай антыманапольнай службы, гэта перашкодзіла Lietuvos Energijos Gamyba стварыць умовы свабоднай канкурэнцыі. Таксама, на думку Вільні, «Газпром» парушыў умовы дамовы пра набыццё акцый літоўскай газавай фірмы Lietuvos Dujos. У 2004 літоўская антыманапольная служба пагадзілася, каб «Газпром» купіў 34% акцый Lietuvos Dujos, пры ўмове, што расійскі канцэрн не будзе перашкаджаць літоўскім фірмам купляць газ у іншых пастаўшчыкоў.

«Газпром» сыходзіць з Літвы?

Арбітражны суд у Стакгольме таксама разглядае пазоў супраць «Газпрома», які ў кастрычніку 2012 падаў урад Літвы. Вільня вінаваціць «Газпром» у шматгадовым завышэнні цаны на газ для Літвы і патрабуе вяртання 2 млрд даляраў (потым квоту знізілі да 1,8 млрд даляраў).

У аўторак прэм'ер Літвы Альгірдас Буткявічус пацвердзіў, што разгляд у Стакгольме працягваецца. Той разгляд Вільня можа выкарыстаць, каб змусіць «Газпром» адмовіцца ад інвестыцый у Lietuvos Dujos. У мінулым месяцы ўрад Літвы выкупіў акцыі Lietuvos Dujos у нямецкага канцэрна E.ON і вярнуў кантроль над сваёй нацыянальнай газавай кампаніяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?