Віктар Ганчарэнка

Сёньня кіраўнік праўленьня барысаўскага БАТЭ Анатоль Капскі распаўсюдзіў сэнсацыйную інфармацыю пра адстаўку галоўнага трэнэра каманды Ігара Крывушэнкі.

Ігар Крывушэнка, які двойчы прыводзіў БАТЭ да чэмпіёнства (2006, 2007), цяпер будзе трэніраваць менскае «Дынама». На думку Анатоля Капскага, Крывушэнка павёў сябе ня вельмі карэктна ў гэтай сытуацыі, не паведаміўшы клюбнаму кіраўніцтву пра перамовы з генэральным дырэктарам «Дынама» Юр’ем Чыжом. А.Капскі сказаў, што Крывушэнку прапанавалі ў «Дынама» большыя грошы, а таксама папрасіў прабачэньні ў заўзятараў за тое, клюбнаму кіраўніцтву не ўдалося ўтрымаць трэнэра.

Такім чынам, Ігар Крывушэнка стане сямнаццатым галоўным трэнэрам менскага «Дынама» за апошнія восем гадоў. За часы дырэктарства ў «Дынама» Ю.Чыжа ніводзін трэнэр ня змог утрымацца ў сваім фатэлі за сэзон. На пасадзе «коўча» «Дынама» Крывушэнка заменіць Аляксандра Хацкевіча, які ня выканаў задачы на гэты сэзон, прывёўшы каманду да фінішу толькі на дзевятым месцы. Нагадаем, што сёлета спаўняецца 25 гадоў, як дынамаўцы першы і апошні раз узялі залатыя мэдалі чэмпіянату СССР.

У наступным сэзоне БАТЭ за сабой павядзе 30‑гадовы Віктар Ганчарэнка. Шмат хто з футбалістаў сёньняшняга БАТЭ старэйшыя за новага настаўніка.

Ганчарэнка празь цяжкую траўму рана скончыў футбольную кар’еру, пасьля чаго засяродзіўся на трэнэрскай. Працаваў з дублем БАТЭ, апошнія гады быў намесьнікам Крывушэнкі ў галоўнай камандзе. Увесну, калі ў Ігара Крывушэнкі здарыўся інфаркт, Ганчарэнка кіраваў трэнэрскім працэсам у БАТЭ. Пад ягоным кіраўніцтвам барысаўская каманда заклала фундамэнт для агульнай перамогі ў чэмпіянаце.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0