Крэмль не адмовіўся ад планаў па захопе Украіны.
Пра гэта заявіў лідар «Правага сектара» Дзмітрый Яраш у інтэрв'ю gordonua.com.
«Ці пойдзе Расія далей? Магчыма, я гэтага не выключаю. Даю адсоткаў шэсцьдзясят, што такі варыянт магчымы», — заявіў ён.
У той жа час Украіна, лічыць Яраш, павінна зрабіць усё, каб абараніць сваю тэрытарыяльную цэласнасць: «Я не ўяўляю Украіну без Данбаса і Крыма. Лічу, калі аддаць Данбас, Расія пойдзе далей. Яна не спыніцца на анексіі Крыма і дзвюх абласцей».
«Ім патрэбна імперыя, а імперыя без Кіева ў іх міфалагемы не ўпісваецца», — дадаў лідар «Правага сектара».
Паводле яго слоў, у штаб «Правага сектара» паступіла інфармацыя, што ў Расіі ёсць планы ўварвання ў Украіну па некалькіх напрамках - «практычна да Збруча, гэта значыць да межаў 39-га года» (Збруч працякае на мяжы Цярнопальскай і Хмяльніцкай абласцей).
Нагадаем, 10 чэрвеня дарадцы прэзідэнта Расіі Сяргей Глазьеў прапанаваў нанесці авіяўдар па ўкраінскай арміі, каб «не даць ёй акрыяць».
Каментары