У Віцебску адбылося паседжанне Управы Партыі БНФ. Удзел у ім узялі і прэтэндэнты на пасаду старшыні партыі, якога будуць абіраць на ейным з’ездзе 8‑9 снежня: цяперашні кіраўнік Вінцук Вячорка і два ягоныя намеснікі Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч.

Віктар Івашкевіч выказаў спадзяванне, што ва ўмовах палітычнага і эканамічнага ціску з боку ЕС на беларускія ўлады атрымаецца правесці больш‑менш свабодныя парламенцкія выбары, перамагчы ў некалькіх акругах і стварыць фракцыю БНФ у Палаце прадстаўнікоў.

Алесь Міхалевіч бачыць будучыню БНФ у магчымасці аб’яднаць вакол партыі ўсе нацыянальныя незалежніцкія сілы, найбольш пратэстна‑актыўны электарат, а таксама прыцягнуць да шырокага супрацоўніцтва рух «За Свабоду». Стаўку трэба рабіць, лічыць Міхалевіч, на тых, хто здольны выйсці на Плошчу: незадаволеных прадпрымальнікаў, якіх чакае вельмі складаны год, на вернікаў розных канфесіяў, прадстаўнікоў актыўных маладзёвых арганізацыяў і працоўных вялікіх прадпрыемстваў:

— Я ўпэўнены: усе пабачаць, што Беларускі Народны Фронт у хуткім часе прыйдзе да ўлады. Спадзяюся, што да 2009 года ўключна дакладна Беларускі Народны Фронт стане кіруючай урадавай партыяй.

Вінцук Вячорка наступны год (партыі споўніцца, дарэчы, 20 год) таксама лічыць для развіцця БНФ вырашальным:

— Я стаўлю перад сабой, перад аднадумцамі мэту вярнуць Фронту лідэрства ў ідэях і справах, у беларускім палітычным жыцці. Мы, як сіла незалежніцкая, нацыянальна‑дэмакратычная, якраз і абавязаны цяпер ідэйную іныцыятыву ўзяць у свае рукі. Таму што бальшыня беларускага народу нарэшце зразумела каштоўнасць незалежнасці, а значыць, тое, што раней было нашым мінусам — нас ярлыкавалі ўсяляк, цяпер становіцца нашым плюсам.

Галоўныя акцыі, на думку палітыка, павінныя прайсці пад лозунгам незалежнай Беларусі і ў рэчышчы 90‑ста гадовага юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, бо менавіта з яе пачыналася незалежнасць. Таму і трэба з’яднацца ўсім на масавых акцыях пад бел‑чырвона‑белымі сцягамі. Сітуацыя ў краіне будзе гэтаму спрыяць. Асаблівую ўвагу, лічыць Вячорка, трэба надаваць моладзі, якая зараз масава ідзе ў БНФ. Але для працы з моладзю патрэбны сучасныя метады. Трэба пераходзіць, падкрэсліў старшыня Партыі БНФ, ад «вертыкальнай» працы на «гарызантальную», сеткавае пакрыццё ідэалагічна блізкага электарату.

Вячорка ўхваліў вяртанне да працы ў кааліцыі прадстаўнікоў руху «За свабоду», якія застаюцца бліжэйшымі па духу паплечнікамі.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0