Па стане на 1 студзеня 2014 года на ўліку ў падатковых органах знаходзілася 117.594 грамадзяніна, якія не з'яўляюцца прадпрымальнікамі і здаюць у арэнду жылыя і нежылыя памяшканні,
паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька на прэс-канферэнцыі 12 чэрвеня ў Мінску.
Колькасць такіх грамадзян у параўнанні з 1 студзеня 2013 года павялічылася на 11.888 (11,6%). Найбольшы рост адзначаецца ў Мінску — на 6,5 тысячы чалавек (14,8%). У 2013 годзе ад грамадзян, якія здаюць памяшканні ў арэнду, у бюджэт паступіла 86 млрд. рублёў.
Расолька адзначыў, што
адным з дзейсных метадаў выяўлення грамадзян, якія нелегальна здаюць памяшканні, з'яўляецца атрыманне інфармацыі ад людзей, якія здымаюць жыллё, ад суседзяў, а таксама з ЖЭСаў. «Вельмі шмат званкоў паступае на наш тэлефон даверу, парадку 80-90% такіх званкоў пацвярджаюцца», — сказаў ён.
Па словах Расолькі, здаваць жыллё легальным чынам у інтарэсах саміх гаспадароў кватэр, таму што «фіксуюцца выпадкі, калі кватэранаймальнікі вывозяць мэблю, бытавую тэхніку, і прад'явіць прэтэнзіі потым няма каму».