ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», занепакоеная правядзеннем штогадовага веснавога палявання, звярнулася да Беларускай праваслаўнай царквы. Аматары птушак сцвярджаюць, што паляванне ўвесну негатыўна адбіваецца на ўзнаўленні і колькасці шмат якіх відаў фауны.
«Ахова птушак Бацькаўшчыны» нагадвае, што ў ЗША і Канадзе веснавое паляванне на птушак забаронена з 1913 года, гэткае паляванне ўжо забаронена і ў суседзяў — Расіі і Украіне. Вядомая дырэктыва Рады Еўропы аб ахове дзікіх птушак таксама забараняе паляванне ў перыяд іх размнажэння і вяртання да месцаў гадавання птушанят.
«Уся прырода, у тым ліку і свет птушак, дадзена чалавеку як дар Тварца. У асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы адным з галоўных прынцыпаў пазіцыі Царквы ў пытаннях экалогіі прызнаецца прынцып адзінства і цэласнасці створанага Богам свету», — гаворыцца ў адказе Беларускага экзархата «Ахове птушак Бацькаўшчыны».
У БПЦ зазначаюць, што паляванне ўвесну зараз праводзіцца не дзеля насычэння голаду і харчавання сем’яў, але «болей дзеля таго, каб патрафіць паляўнічым схільнасцям і дагадзіць асабістай ганарыстасці, якая часта прыглушае загады сумлення».
«Беларуская дзяржава праводзіць вялікую працу ў галіне аховы прыроды. Таму Праваслаўная царква падтрымлівае ініцыятыву ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і заклікае адпаведныя дзяржаўныя ўстановы звярнуць увагу на гэтую праблему і прыняць дадатковыя меры па ахове прыроднага набытку Рэспублікі Беларусь», — заяўляюць у Беларускім экзархаце.