Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказвае занепакоенасць у сувязі з павелічэннем колькасці штрафаў, якія накладаюцца на беларускіх журналістаў у апошнія месяцы за працу без акрэдытацыі. 

«Я занепакоена, таму што такая практыка можа эфектыўна забараняць журналістам ажыццяўляць сваю працу», — цытуецца Міятавіч у паведамленні, размешчаным 17 чэрвеня на сайце АБСЕ. 

У паведамленні прыводзіцца інфармацыя пра рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гродна, у адпаведнасці з якім 16 чэрвеня незалежны журналіст Андрэй Мялешка быў аштрафаваны на 4,5 млн. беларускіх рублёў за працу без акрэдытацыі. 

Акрамя таго, паведамляецца пра штрафы ў дачыненні да журналістаў Алеся Залеўскага і Аляксандра Дзянісава, а таксама пра папярэджанні, выдадзеныя Святлане Сцяпанавай, Яўгену Скрабцу, Юліі Сівец, Мікалаю Бянько і Юрыю Дзяшуку. 

«Акрэдытацыя не павінна быць ліцэнзіяй на дзейнасць, а яе адсутнасць не павінна абмяжоўваць журналістаў у здольнасці працаваць і свабодна выказваць сваё меркаванне, — сказала Міятавіч. — Усе журналісты павінны мець тыя ж прафесійныя правы, што і журналісты, якія працуюць у зарэгістраваных СМІ, у тым ліку правы на пошук і распаўсюджванне інфармацыі». 

Міятавіч таксама адзначыла, што 5 чэрвеня яна напісала міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею пра неабходнасць рэфармавання патрабаванняў да акрэдытацыі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?