Нацбанк Беларусі дапоўніў пералік памятных манет, што плануюцца да выпуску ў 2007 годзе

Як патлумачылі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі галоўнага банка краіны, гаворка ідзе пра памятныя манеты, што выпускаюцца ў рамках міжнародных манетных праграм. Рашэнне дапоўніць пералік было прынята ў сувязі з заяўкамі, што паступілі ад замежных манетных двароў.

У прыватнасці, да канца гэтага года ўбачаць свет яшчэ дзве ўзаемазвязаныя па тэматыцы памятныя манеты серыі «Казкі народаў свету» — «Алісіны прыгоды ў дзівоснай краіне» і «Аліса ў Залюстроўі».

Выпуск залатых памятных манет з устаўкамі з брыльянтаў прадоўжыць манета «Воўк». Яна будзе адчаканена і з серабра.

Намечаны выпуск у абарачэнне ў гэтым годзе звыш раней запланаванага пераліку таксама памятных манет «Міжнародны палярны год» і «Беларускі балет. 2007».

Варта зазначыць, што за 10 гадоў з дня выпуску першай манеты Нацбанка Беларусі выпушчана ў абарачэнне больш за 90 найменняў памятных манет. Усе гэтыя гады Нацбанк эксперыментаваў у дачыненні да дызайну манет, у прымяненні новых тэхналогій. У выніку манеты высока ацэньваліся на міжнародным узроўні. У выпуску сваіх манет Нацбанк Беларусі актыўна супрацоўнічае з Каралеўскім манетным дваром Вялікабрытаніі, Польскім, Швейцарскім, Літоўскім, Берлінскім і іншымі манетнымі дварамі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0