Да прэзідэнцкіх выбараў застаецца не так шмат часу. Яны павінны адбыцца не пазней за лістапад 2015 года, гэта значыць, застаецца менш за паўтара года. Не выключаецца варыянт, што выбары ўвогуле пройдуць датэрмінова. Як, скажам, было ў 2006-м годзе.
Пасля рэпрэсій 2010-га (8 з 10 кандыдатаў былі арыштаваныя ці шантажаваныя ў ноч прэзідэнцкіх выбараў) мала хто гарыць жаданнем паспрабаваць сябе ў прэзідэнцкай кампаніі. Зусім мізэрнай выглядае імавернасць, што ў спаборніцтвы за найвышэйшую пасаду можа ўвязацца нехта з прадстаўнікоў наменклатуры. Хаця раней такі варыянт часта разглядалі як найбольш аптымальны. Найхутчэй, што апазіцыі давядзецца выбіраць сабе добра вядомых асоб.
Анатоль Лябедзька
Гэтым разам Аб’яднаная грама-дзянская партыя вырашыла не выдурняцца ды вылучыць кандыдатам у прэзідэнты свайго лідара Анатоля Лябедзьку.
Лябедзька — дасведчаны палітык. Ён быў сярод «маладых ваўкоў» каманды Лукашэнкі ў 1994-м, што многія не могуць яму прабачыць да сёння. Тым не менш, сваёй дзейнасцю Лябедзька даўно адкупіў грахі мінулага. Гэта чалавек, якога найчасцей затрымлівалі ды саджалі на суткі, некалькі разоў збівалі і вывозілі ў лес людзі ў масках. Значыць, менавіта ягоная дзейнасць найбольш дапякала рэжыму.
Пасля Плошчы ён 108 дзён адседзеў у турме КДБ. Многія за такі час ламаліся, Лябедзьку папракнуць няма ў чым: выпрабаванні ён вынес з гонарам, напісаўшы па выніках кнігу. «Хутчэй адгрызу сабе руку, чым здам сваіх паплечнікаў», — адказаў ён начальніку турмы КДБ, які спрабаваў яго вербаваць.
Лябедзьку 52 гады. Ён у выдатнай фізічнай форме, якую падтрымлівае штодзённымі трэніроўкамі. Мае добрае пачуцце гумару. Пакуль што ў рэзюмэ старшыні АГП няма радка аб удзеле ў выбарах, а яму б гэтага вельмі хацелася.
Слабым месцам Лябедзькі будуць мінулыя канфлікты з калегамі па апазіцыі. Напрыклад, каманда Лябедзькі прахалодна працавала ў камандзе адзінага кандыдата ў 2006 годзе. Гэта ўскладніць яму задачу аб’яднання апазіцыі.
Уладзімір Някляеў
Адзіны кандыдат з абоймы 2010-га года, хто выказаў сваё жаданне паўтарыць спробу. У адным з інтэрв’ю Някляеў сказаў, што хацеў бы ўсё ж дайсці да Плошчы (19 снежня 2010-га яго збіў да непрытомнага стану АМАП яшчэ на падыходах да Кастрычніцкай).
67-гадовы паэт і палітык Някляеў мае большую пазнавальнасць за астатніх апазіцыйных палітыкаў. Ён працягвае ўзначальваць «Гавары праўду», але функцыі выконвае хутчэй прадстаўнічыя, а не выканаўчыя, часта знаходзячыся ў цяні свайго намесніка Андрэя Дзмітрыева.
Выглядае, што пакуль «Гавары праўду» не валодае такімі вялікімі рэсурсамі, як напярэдадні мінулых выбараў. Тым не менш, арганізацыя трымаецца на нагах.
Намаганнямі «Гавары праўду» разам з Партыяй БНФ і рухам «За Свабоду» была праведзеная кампанія «Народны рэферэндум». Праўда, ані на вуліцах, ані ў пад’ездах ніякіх агітатараў за народны рэферэндум ніхто не бачыў.
Варта адзначыць, што рэпутацыю арганізацыя заслужыла сабе неадназначную яшчэ раней. З моманту папярядняй кампаніі, калі цёмнымі заставаліся крыніцы шчодрага фінансавання. Ну, і за апошні час некалькі былых і цяперашніх актывістаў «ГП» траплялі ў скандальныя сітуацыі.
Вольга Карач
Жанчыны яшчэ ніколі не былі кандыдаткамі на пасаду прэзідэнта. Пра амбіцыі былой віцебскай настаўніцы гавораць ужо больш за год. Сама Карач стварае вакол сябе арэол таямнічасці. Маўляў, рана яшчэ казаць, ці буду я балатавацца.
Вользе 35 гадоў, яна нарадзілася ў сям’і рабочых. Казала, што слухае расійскі шансон. Яна перакананая, што каля 60% беларускага насельніцтва ненавідзяць «бээнэфаўцаў». Сёлета адзначылася заявай, што «хамства — гэта адметная рыса беларускамоўных людзей, у якіх нават аргументаў няма, а толькі знявагі і мат». А беларускую мову назвала недастаткова развітай, бо ў ёй няма аналагаў словам «стаяк» (каналізацыйны) і «ўнітаз».
Карач замужам за журналістам Алегам Баршчэўскім, зімой у сям’і з’явілася дзіця. Пару гадоў Вольгу ніхто не бачыў у Віцебску, але цяпер яна дакладна вярнулася ў Беларусь.
Алесь Лагвінец
Мілінкевіч не мае намеру ўдзельнічаць у наступных выбарах. Экс-кандыдат засяродзіўся на асветніцкіх і культурніцкіх праектах. Рыгор Кастусёў мінулыя выбары не натхніў. У такой сітуацыі патрыятычныя рух «За Свабоду» і Партыя БНФ разглядаюць магчымасць вылучыць 42-гадовага палітолага Алеся Лагвінца.
Лагвінец нарадзіўся ў Хойніцкім раёне. У выніку Чарнобыльскай трагедыі вёска Дворышча аказалася ў зоне адсялення, сам Алесь з’ехаў у Дуброўну Віцебскай вобласці. Яшчэ ў вясковай школе Лагвінец добра вывучыў французскую мову, што ў будучыні дазволіла яму два гады вучыцца на паліталогіі ў Страсбургу. Стажыраваўся ён у Оксфардзе, працаваў выкладчыкам у ЕГУ.
Лагвінцу яшчэ трэба шмат чаму вучыцца ў публічнай палітыцы. Напрыклад, лепш прамаўляць ці вучыцца дамаўляцца з рознымі людзьмі. Але чаго дакладна няма ў Лагвінца, дык гэта абыякавасці. Натура ў яго гарачая, патрыятызм непадробны, імітацыяй займацца ён не будзе.
Генадзь Фядыніч і Аляксандр Ярашук
Яшчэ з часоў Уладзіміра Ганчарыка ходзіць папулярнае меркаванне, што апазіцыі для перамогі патрэбны прафсаюзны лідар. Амбіцыйны Аляксандр Ярашук ужо спрабаваў балатавацца ў прэзідэнты (2001), але нічым добрым гэта не скончылася. Не так даўно ў інтэрв’ю радыё «Свабода» ён заявіў: «Калі б я захацеў перамагчы на выбарах, то перамог бы». Мабыць, час яшчэ не надышоў і пачуцці не саспелі. Вядома, аднак, што ў Ярашука сапсаваныя адносіны не толькі з апазіцыйнымі лідарамі, але і з многімі журналістамі.
Ярашуку 63 гады, ён родам з Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Генадзь Фядыніч, старшыня Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, менш вядомая асоба. Фядынічу 57 гадоў, родам з Жабінкаўскага раёна. Фядыніч — дабрадушны чалавек, такі рабацяга. Быў адным з арганізатараў праваленага Народнага сходу ў 2012-м.
Аляксандр Казулін
Яшчэ зімой у каляпалітычных колах актыўна тыражаваліся чуткі, што вось-вось з новай палітычнай кампаніяй стартане Аляксандр Казулін. Вясна прайшла, пачалося лета. Але ніякай актыўнасці ад былога рэктара БДУ і палітвязня не назіраецца. Кажуць, што Казулін моцна ўразіўся падзеямі ва Украіне. Маўляў, патрэбны іншы план для прыходу да ўлады, а не Плошча. Хаця не выключаецца, што 59-гадовы Казулін усё ж адважыцца ўступіць у прэзідэнцкую кампанію.
Мікола Статкевіч
Афіцэр-ракетчык у адстаўцы Мікола Статкевіч чацвёрты год знаходзіцца за кратамі. Ужо ўсе вязні Плошчы-2010 выйшлі, а Статкевіч сядзіць. Ён тысячу разоў ужо даказаў сваю непахіснасць і мужнасць, адмаўляючыся пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі. Існуе варыянт, што апазіцыя вылучае Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата. Хочаце — гуляем па сумленных правілах. Не хочаце — праводзьце выбары ў кампаніі Гайдукевічаў і Ляўковічаў. Такі крок быў бы моцны.
Павел Севярынец
Павел Севярынец з прычыны судзімасці балатавацца не можа. Ды і жадання пакуль што асаблівага не мае.
У такой сітуацыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) можа падтрымаць розныя сцэнары.
З Лябедзькам у Севярынца адносіны нармальныя. Дарма што ліберал, па сваіх сямейных і нацыянальных каштоўнасцях Лябедзька як найлепш адпавядае кансерватыўнаму і хрысціянскаму ідэалу.
Нацыянальныя пазіцыі мусілі б збліжаць БХД з Мілінкевічам і Партыяй БНФ, але іх адносіны заўжды былі, мякка кажучы, нацягнутымі. За гэтым стаіць суб’ектыўны чыннік.
Шарагоўцы БХД былі б радыя ідэалагічна чыстаму варыянту вылучэння Статкевіча ці байкоту, але партыйныя лідары разумеюць значэнне адзінага фронту і таму будуць схільныя падтрымаць супольную стратэгію апазіцыі ці супольнага кандыдата, кім бы ён ні быў.
Байкот
Калі байкот падтрымліваюць усе палітычныя сілы, гэта таксама моцная стратэгія. Але ці рэальна гэта? Многія ў апазіцыі вераць у карысць сепаратнай гульні.
Найхутчэй, што тактыку байкоту абяруць колы, блізкія да «Хартыі-97» і КХП-БНФ — і Саннікаў, і Пазняк застаюцца ў эміграцыі.
Напрыклад, паўдзельнічаць у выбарах хоча генерал Валерый Фралоў, хоць ужо ў 2006 годзе ён не здолеў назбіраць подпісаў. А тады ж і ён быў маладзейшы, і сітуацыя была прасцейшая.
Павелічэнню колькасці кандыдатаў ад апазіцыі могуць паспрыяць і ўлады. Аляксандру Лукашэнку не выгадна, каб супраць яго ішоў адзіны кандыдат. Таму ягоныя людзі зробяць усё, каб спакусіць у паход на выбары і жука і жабу.
Каментары