Новаўвядзенне прадугледжана праектам указа прэзідэнта. Ва ўрадзе такую меру тлумачаць неабходнасцю абароны інтарэсаў дзяржавы.

Паводле праекта ўказа, з 1 ліпеня 2014 года да 1 студзеня 2015 года дзяржаве перадаецца выключнае права на ажыццяўленне імпарту шэрагу тавараў: радыё-, тэле-, відэа- і бытавой тэхнікі, падшыпнікаў, рухавікоў, сельгастэхнікі, грузавых аўтамабіляў, станкоў, уборачнай тэхнікі, ліфтаў, шын і іншых. 

Мяркуецца, што ва ўказаны перыяд выключнае права на імпарт такіх тавараў будуць мець 12 дзяржпрадпрыемстваў, а менавіта: Мінскі падшыпнікавы завод, «Гомсельмаш», МЗАР, «Белшына», Мінскі маторны завод, «Магілёўліфтмаш», «Інтэграл», «Атлант», «Гарызонт», МТЗ, МАЗ і Мінскі электратэхнічны завод імя Казлова. 

Прыняцце такога ўказа распрацоўшчыкі дакумента тлумачаць неабходнасцю абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы. 

У прыватнасці, у абгрунтаванні да праекта ўказа адзначаецца: «Маніторынг практыкі прымянення мер для абароны ўнутранага рынку краіны і айчынных вытворцаў аўтамабільнай, аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі паказаў, што дзейным заканадаўствам у недастатковай меры ўрэгуляваны пытанні выканання асноўных прынцыпаў стварэння канкурэнтаздольнай тэхнікі». 

Распрацоўшчыкі ўказа звяртаюць увагу на тое, што «пры вытворчасці айчыннай аўтамабільнай, аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі выкарыстоўваецца шмат імпартных тавараў (камплектуючыя і матэрыялы), якія часта прапаноўваюцца нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі (падрадчыкамі, выканаўцамі), а купля праз пасрэднікаў уплывае на канчатковую цану тавару». 

У гэтай сувязі «ў мэтах задавальнення патрэбнасці на ўнутраным рынку ў некаторых імпартных таварах у шырокім асартыменце, выкананні балансу ў выкарыстанні айчынных і імпартных камплектуючых і матэрыялаў, для барацьбы з нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі, абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы» прапаноўваецца прыняць падрыхтаваны ўказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?