Сёлета плануецца прыняць новую рэдакцыю Мытнага кодэкса Мытнага саюза, паведаміў 18 чэрвеня ў Мінску на сумесным пасяджэнні рабочай групы «Транспарт, лагістыка, мытная справа» пры Прадстаўніцтве нямецкай эканомікі ў Беларусі і экспертна-кансультатыўнай групы па мытна-тарыфным рэгуляванні пры Дзяржаўным мытным камітэце старшыня экспертна-кансультатыўнай групы і сустаршыня працоўнай групы Вадзім Мацкевіч. 

«Пакуль невядома, гэта будзе новы кодэкс ці папраўкі да цяперашняга. Аб'ём паправак ужо перавышае 200. Гэта амаль увесь паартыкульны аб'ём самога кодэкса», — сказаў Мацкевіч. 

Ён адзначыў, што «цікавае пытанне, наколькі навацыі кодэкса адпавядаюць інтарэсам нацыянальнага заканадаўства». «Ёсць міжнародны дагавор аб МК МС, але пры гэтым кожная краіна мае свой закон ці кодэкс па мытным рэгуляванні, і большая частка пытанняў знаходзіцца ў кампетэнцыі нацыянальных заканадаўстваў», — адзначыў эксперт. 

Сярод гэтых пытанняў — мытныя плацяжы, акцызы і падаткі, спагнанні і пеня. «Мы не можам прыйсці да адзінага меркавання. А гэта стварае няроўную канкурэнцыю ў канчатковым выніку», — адзначыў Мацкевіч. 

«Мадэрнізацыя старога Мытнага кодэкса пацягне за сабой істотныя змяненні. Ёсць тры паказчыкі, якія пазначыла ЕЭК: аўтаматычная рэгістрацыя дэкларацыі, аўтаматычны выпуск тавараў, пашырэнне спрашчэнняў для суб'ектаў гаспадарання. Калі першыя два — тэхнічныя аспекты, то трэці непасрэдна датычыцца суб'ектаў гаспадарання. Але пакуль гэта закране толькі ўпаўнаважаных эканамічных аператараў (УЭА), бо сума забеспячэння для гэтага статусу даволі вялікая і яны могуць гарантаваць сваю фінансавую бяспеку перад мытнымі органамі», — сказаў Мацкевіч. 

Сярод спрашчэнняў прадугледжваецца ажыццяўленне мытных аперацый у першачарговым парадку, аддалены выпуск тавараў, мінімізацыя мытнага кантролю, выпуск тавараў у тэрмін, які не перавышае трох гадзін, памяшканне тавараў пад мытную працэдуру мытнага транзіту без давання забеспячэння мытных плацяжоў, выплата мытных пошлін і падаткаў пасля выпуску да падачы дэкларацыі. «Калі ўдасца прайсці хоць бы гэты этап, беларускія перавозчыкі і лагісты змогуць працаваць у новых эканамічных умовах», — адзначыў эксперт. 

Паводле слоў Мацкевіча, па колькасці УЭА лідзіруе Беларусь — 300 суб'ектаў гаспадарання, у РФ — крыху больш за 100, у Казахстане — 14. «Сказаць, наколькі навелы заканадаўства адаб'юцца на дзейнасці, пакуль цяжка. Але мытныя органы шукаюць суб'екты, якія маглі б рэалізаваць гэтыя спрашчэнні з мінімальным узроўнем мытнага кантролю, які даволі дарагі», — сказаў Мацкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?