Дызайнеры кампаніі распрацавалі новую мадэль Smart Bike, якая ўмее сінхранізавацца са смартфонамі, што выступаюць у якасці навігатара, а таксама люстэрка задняга віду.
Рама байка выраблена з выгнутага алюмінію, што мусіць змякчыць вібрацыі пры яздзе. Над заднім колам ўбудаваная камера, а ў саму раму — модулі Wi-Fi, Bluetooth і фірмовы Arduino. Усё гэта сілкуе здымная акумулятарная батарэя. Дадзеныя пра паездку перадаюцца наўпрост на смартфон, замацаваны ў адмысловым гняздзе на рулі. Туды ж выводзіцца малюнак з камеры задняга віду: знянацку ўладальніка такога ровара заспець ўжо не атрымаецца.
Чатыры лазеры, змантаваныя там жа, у раме, выдаюць праекцыю веласіпеднай дарожкі перад пярэднім колам. Заблудзіцца, ды і збіць кагосьці стане больш складана. Уключаюцца яны аўтаматычна, па сігнале тэлефона, які вырашыў, што святла для паездкі замала. Само сабою, задзейнічаны і GPS модуль. Дадзеныя пра паездку, распрацоўка маршруту — усё гэта неадкладна з'яўляецца на экране падлучанага да Smart Bike смартфона.
Як паведамляюць у Samsung, да рынкавай рэалізацыі smart ровару пакуль далёка, праект яшчэ зусім малады. Кошт навінкі, нават арыенціровачны, пакуль не называецца.
Між тым у Мінску роварам карыстаюцца больш за 400 тыс. чалавек, фактычна кожны пяты жыхар сталіцы. У Беларусі — каля 1,5 млн уладальнікаў ровараў, з іх каля 250 тыс. актыўна карыстаюцца імі ў паўсядзённым жыцці. Кожны год беларусы купляюць да 100 тыс. ровараў. Нядаўна з'явілася інфармацыя, што праз Беларусь пройдзе маршрут EuroVelo-2, працягласць якога па тэрыторыі РБ складзе каля 600 км.