Назіраючы традыцыйны сюжэт «добры цар — кепскія баяры», ці ўсе заўважылі, што Пракаповіч прамаўляў як сапраўдны рэфарматар? У прыватнасьці, заклікаў зрабіць у нас самыя лібэральныя ў сьвеце ўмовы для інвэстыцыяў і бізнэсу ўвогуле. Безумоўна, ён не адважыўся б на такія прамовы без адмашкі. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Ушчэнт скрытыкаваны марксізм усё ж мае рацыянальнае зерне. Я — пра базыс і надбудову. Як захісталася эканоміка, улада хуценька згарнула сацыялістычную рыторыку, адабрала льготы — і пакрысе думае пра рэформы, баючыся самога гэтага слова.

Камэнтатары дружна адзначылі, што нарада ў аўторак прайшла, як той кажа, у лепшых традыцыях. "СБ" нават назвала яе "беспрэцэдэнтна рэзкай". Ва ўсякім разе, такога прачуханцу міністрам не давалі даўно.

Але гэта піяраўскі складнік. Трэба паказаць, што прэзыдэнт хварэе душой за народ і ведае, "хто вінаваты".

Другое ж клясычнае пытаньне — "што рабіць?". Дык вось, назіраючы традыцыйны сюжэт "добры цар — кепскія баяры", ці ўсе заўважылі, што Пракаповіч прамаўляў як сапраўдны рэфарматар? У прыватнасьці, наўпрост заклікаў зрабіць у нас самыя лібэральныя ў сьвеце ўмовы для інвэстыцыяў і бізнэсу ўвогуле. А ці даўно вялося пра "вашывых блохаў"?

Безумоўна, кіраўнік Нацбанку не адважыўся б на такія прамовы без "адмашкі". Ягоная ўстанова сёньня выглядае самай незалежнай ды рацыянальнай інстытуцыяй фінансава-эканамічнага блёку. Магчыма, у асобе Пракаповіча прамаўляў наступны прэм'ер (гэтую вэрсыю падхапіла ўжо расейская прэса). Цяперашняму ўраду дадзены год. Дзівосаў, бадай, ня будзе, і новая каманда атрымае магчымасьць ладзіць эканамічную палітыку з чыстага аркуша.

Працэс ужо спакваля пайшоў. Крыва, канешне, зыгзагамі, але пайшоў. Нават непразрыстая прыватызацыя пашырае ўплыў замежнага капіталу. Чым большай будзе ўдзельная вага прыватнага бізнэсу, тым цяжэй стане махаць пугай. Трансфармацыі базысу змусяць да рэвізіі звыклага дырыжысцкага арсэналу. Сам Лукашэнка ў аўторак прызнаў: "Пэрыяд, калі эканомікай кіравалі ў ручным рэжыме, скончыўся".

Эканамічныя імпэратывы здольныя зрабіць непараўнальна болей, чым сацыяльныя маршы ды асуджальныя рэзалюцыі заходніх інстытуцыяў. Глябалізацыя (ну куды падзецца ад СГА?) капае пад "беларускую мадэль", як той крот. Шкада вось страчанага гістарычнага часу. Ды і на пасьлядоўную, рашучую стратэгію рэформаў спадзявацца не выпадае. Чашу доўгага, настальгічнага разьвітаньня з "полем цудаў" цярпліваму электарату давядзецца выпіць да дна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?