БТ паказала кадры, як у адной палаце ляжаць СОБРаўцы – «ахвяры разьятранага натоўпу». Чамусьці ўсе – хто з траўмаю галавы, хто з паламанаю (?) нагою, хто з носам (і шкло шлема не дапамагло?), і з шыяй – у адным аддзяленьні. Але тварам (пабітым) пацярпелых праваахоўнікаў стаў шараговец Лосеў. Яго фота ўпрыгожвае гнеўны артыкул на першай паласе «СБ» (28 сакавіка). Калі верыць артыкулу, азьвярэлыя малойчыкі цалялі яму ў сэрца, але на шчасьце патрапілі пад вока.

У 1999 г. я быў сьведкам, як пажылыя людзі на наваградзкім аўтавакзале, чакаючы аўтобус, ганілі ўдзельнікаў Маршу свабоды. Маўляў, закідалі няшчасную міліцыю камянямі. «Дажа па цілівізары паказвалі – ляжаць бедненькія ў палатах, усе ў бінтах...»

Тут у размову ўмяшалася жанчына, што сядзела побач: «Працую я ў тым шпіталі». Яна распавяла, як у іхняе аддзяленьне прыйшлі здаравенныя амапаўцы, палеглі па койках у берцах і форме пад коўдры. Калі прыйшлі «кіношнікі», амапаўцы зрабілі пакутніцкія твары і пачалі стагнаць. Потым, калі «сюжэт» зьнялі, у палату прыйшло начальства з пакункамі мандарынаў і загадала падымацца. Нядаўнія хворыя падняліся і пайшлі ахоўваць палаты, дзе ляжалі пацярпелыя ўдзельнікі таго ж Маршу.

Нічога новага прапаганда ня выдумала за гэты час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?