Шматлікія парушэнні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў выяўленыя ў гандлёвых цэнтрах Мінска, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства гандлю Беларусі Дзмітрый Маліноўскі.

«Падчас кантрольных мерапрыемстваў, праведзеных Мінгандлем, службамі Дзяржстандарту і Міністэрства аховы здароўя ў чэрвені 2014 года, у сталічных гандлёвых цэнтрах «Зеркало», «Пассаж», «Силуэт», «Европа» выяўленыя шматлікія парушэнні пры рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці», — сказаў прэс-сакратар.

Па словах прадстаўніка Мінгандлю, у аб'ектах было адабрана больш за 100 найменняў прадукцыі імпартнай вытворчасці, у тым ліку цацкі, дзіцячы абутак, трыкатажныя і швейныя вырабы.

Папярэднія вынікі праверак сведчаць аб наяўнасці ў гандлёвых цэнтрах парушэнняў па бяспецы і якасці: неадпаведнасць абутку тэхнічным патрабаванням, дэзінфармацыя пакупнікоў наконт даты вырабу і матэрыялу (на цэтліку ўказаная натуральная скура, а фактычна — штучная), адсутнасць папераджальных надпісаў на дзіцячых цацках.

«У некаторых выпадках для выяўлення дэфектаў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу здароўю спажыўца, нават не патрабавалася спецыяльных ведаў — дастаткова было візуальнага агляду выраба», — адзначыў Дзмітрый Маліноўскі.

Па выніках абследаванняў ужо выдадзена больш за 30 рэкамендацый на ліквідацыю парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?