Паводле дадзеных польскай паліцыі, беларусы часта пакідаюць дзяцей у закрытых машынах. Апошні выпадак, калі паліцыя прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці беларускіх бацькоў, якія замкнулі сваіх дзяцей у салоне аўтамабіля на паркоўцы буйнога гандлёвага цэнтра, адбыўся 17 чэрвеня.

Грамадзяне Беларусі прыехалі «на закупы» ў адзін з гандлёвых цэнтраў Беластока і пакінулі свой Fiat Brava ў падземным паркінгу. У машыне засталіся хлопчыкі 2 і 5 гадоў, а каб ім было чым дыхаць, бацькі прыспусцілі шкло на 2 сантыметры.

Палякі, убачыўшы гэта, выклікалі паліцыянтаў. Тыя патлумачылі старэйшаму хлопчыку, як адчыніць дзверы знутры, і засталіся чакаць бацькоў, да якіх звярнуліся праз інфармацыйны цэнтр па гучнай сувязі. 29-гадовая маці і 28-гадовы бацька прыйшлі да машыны праз 15 хвілін. Яны патлумачылі ўсё тым, што малодшае дзіця спала, яны не хацелі яго будзіць. За недастатковую апеку над дзецьмі паліцыя аштрафавала беларусаў на 500 злотых (каля 1,7 млн рублёў).

Гэта ўжо не першы выпадак за бягучы месяц. 10 і 11 чэрвеня падобныя сітуацыі былі зафіксаваныя на паркоўках каля Кавалерыйскага рынку і гіпермаркета Auchan. У абодвух выпадках паліцыю выклікалі людзі, якія праходзілі міма аўтамабіляў. У адным з выпадкаў паліцыянтам прыйшлося разбіць шкло ў аўтамабілі VW Sharan, каб вызваліць 8-гадовага хлопчыка, які з-за спёкі пачаў губляць прытомнасць. Яму нават прыйшлося выклікаць «хуткую дапамогу».

Паліцыя нагадвае, што пакідаць малое дзіця адно ў машыне недапушчальна. Некалькі лішніх хвілін, праведзеных у закрытым распаленым аўтамабілі, могуць каштаваць яму жыцця, паколькі пры тэмпературы 40°C перастаюць працаваць яго ўнутраныя органы, а пры тэмпературы 41,5°C дзіця можа памерці. Па дадзеных амерыканскай паліцыі, у апошнія гады кожныя 10 дзён у свеце памірае дзіця ад перагрэву ў аўтамабілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?