(Працяг. Пачатак тут)

Наступныя тры дні я выкарыстоўваў Berlin Museum Pass, які мне абыйшоўся ў 12 еўра (поўны кошт – 24 еўра). Вельмі зручны і танны варыянт, да таго ж, з яго дапамогаю можна пазбегнуць чэргаў у Пергамскі музей, дзе сапраўды шмат наведвальнікаў.

Самы знакаміты музейны комплекс Берліна «Музейны востраў» быў створаны на працягу 100 год (1830-1930), і напэўна сама ідэя комплексаў апынулася настолькі эфектыўнай і прывабнай, што большасць берлінскіх музеяў якраз і зведзеныя ў чатыры буйныя групы. Гэта Музейны востраў, Культурфорум, Шарлотэнбург і Далем. У Далеме сабраныя этнаграфічныя музеі, што крыху па-за маімі зацікаўленасцямі, але там яшчэ ёсць і музей «Бруке», аб’яднання мастакоў-экспресіяністаў пачатку ХХ ст., так што давядзецца туды неяк у будучыні завітаць.

А так атрымалася вельмі рацыянальна: тры дні, тры музейныя цэнтры.

Пачаў, як і мае быць, з галоўнага, найстарэйшага і самага папулярнага «Музейнага вострава».

І сімвалічна таксама распачаў візіт са Старога музея (Altes Museum), які якраз і быў узведзены першым у 1830 г. У тыя часы панавала зачараванасць старажытнай Грэцыяй, як першаўзорам эстэтычнага ўспрыняця свету, і музей мусіў стаць своеасаблівым пасярэднікам паміж антычнай культурай і новай генерацыяй мастакоў, натхнёных сапраўднай прыгажосцю. Адсюль і грувасткі неакласіцызм, які пануе і ў знешнім выглядзе будынка, так і ў інтэр’еры.

Стары музей

Стары музей

Пасля ваенных разбурэнняў ён якраз быў першым адноўлены і наноў адчынены ў 1960 г., і паводле традыцыі зараз там месціцца антычная калекцыя. Як і мае быць быць – вялізная калекцыя элінскіх вазаў з міфалагічнымі сюжэтамі (часам вельмі фрывольнымі, асабліва з удзелам саціраў), арыгінальныя скульптуры і рымскія копіі (дзе асабліва вылучаецца «Хлопчык, які моліцца» з такой заблытанай уласнай гісторыяй, што пра гэта можна асобную кніжку напісаць), знакамітыя бюсты Цэзара і Клеапатры, розныя археалагічныя знаходкі і ўпрыгожанні (асабліва запомнілася скіфская залатая рыба). Прыстойная антычная калекцыя.

«Хлопчык, які моліцца»

«Хлопчык, які моліцца»

Надалей я скіраваўся ў Пергамскі музей (Pergamonmuseum), бо прадчуваў вялізныя чэргі, але з набытым абанементам удалося лёгка іх абмінуць.

Вось Пергамскі музей робіць надзвычайнае ўражанне, ён сапраўды ўнікальны па сваёй канцэпцыі – прэзэнтаваць творы старажытнай архітэктуры ў арыгінальным памеры. Некалькі першых заляў папросту прыбіваюць дадолу і ашаламляюць – найперш выходзіш праз Шлях Працэсій да велічнай брамы Іштар з Вавілону, потым да яшчэ больш грандыёзнай па масштабу рынкавай брамы з Мілету (як гэта ўсё змаглі перавезці? нават немагчыма ўявіць), і нарэшце самая разынка – Пергамскі алтар са сцэнамі тытанамахіі.

Пергамскі алтар

Пергамскі алтар

Нават дзеля кожнага з гэтых аб’ектаў музей ужо быў бы абавязковым для наведвання, а як усё разам… Фантастыка. Праўда, і на гэтым калекцыі не закончваюцца, вельмі добра прадстаўленыя знаходкі нямецкіх археолагаў у Іраку, дзе яны раскопвалі старажытныя гарады Міжрэчча (найперш, Урук). Таксама частка музея адведзеная і пад ісламскае мастацтва, і тут немцы не змаглі ўтрымацца ад гігантаманіі – перавезлі цэлую дэкараваную сцяну старажытнага палаца. Must visit, інакш не скажаш.

Наступныя мае крокі былі скіраваныя ў Новы музей (Neues Museum), які найбольш пацярпеў падчас вайны, быў моцна разбураны і адчынены пасля рэстаўрацыі не так даўно, у 2009 годзе.

Яшчэ дагэтуль адзін паверх музея зачынены, бо дапаўняюць экспазіцыю. У гэтым музеі нават больш цікавая не калекцыя, а тое, якім чынам яго аднавілі. Займаўся гэтым брытанскі архітэктар Дэйвід Чыперфілд, і яго задумка была ў тым, каб у адноўленым музеі пакінуць сляды разбурэнняў. І сапраўды, музей – як жывая рана, дзе прабіваецца былая прыгажосць, і разам з тым бачна, наколькі ён быў знішчаны. Аддаю належнае, я быў моцна ўражаны такім падыходам. І тут у цяні крыху засталася экспазіцыя, якая разбіваецца на дзве асноўныя часткі – старажытнаегіпецкую і старажытнаеўрапейскую. У егіпецкай частцы захоўваецца асноўны бестсэлер, які і прываблівае натоўпы турыстаў – галава Неферціці. Тут як «Мона Ліза», невытлумачальныя механізмы поп-культуры.

Неферціці

Неферціці

У цэлым егіпецкая калекцыя слабенькая, нават у параўнанні з Луўрам, не кажучы пра Брытанскі музей. З другой паловы запамінаецца дзіўнаватая «Залатая шляпа», частка «золата Шлімана» (якую атрымалася вярнуць ад рускіх), археалагічныя знаходкі вікінгаў, балтаў і славянаў.

Побач – Старая нацыянальная галерэя (Alte Nationalgalerie), прысвечаная мастацтву ХІХ стагоддзя, што мяне, натуральна, прыцягвала.

За ўваход давялося даплаціць два еўра, паколькі ў музеі яшчэ знаходзілся часовая выстава італьянскага скульптара Рэмбрандта Бугаці (Rembrandt Bugatti). Раней пра яго не чуў, пішуць, што ён быў папулярным у свой час (першая палова ХХ ст.), але зараз падзабыты. Але прозвішча гучнае, і сапраўды быў кроўна павязаным з уладальнікамі аўтамабільнай фабрыкі, нават выстаўленая невялічкая фігурка слана для капота эксклюзіўнай серыі машын Бугаці, якую скульптар зрабіў па замове свайго брата. Галоўная і амаль што адзіная тэма яго творчасці – жывёлы. Ён і большасць свайго жыцця правёў у заапарках розных краін, і няспынна ляпіў жывёл, самых розных – ад малпаў і фламінга да львоў і змеяў. Некаторыя творы прывабныя, напрыклад, магутная і грацыёзная пантэра, але агулам, то добра, што ягоныя творы разнеслі па ўсёй прасторы музея, паколькі зведзеныя разам яны б хутка надакучылі.

Рэмбрандт Бугаці «Пантэра»

Рэмбрандт Бугаці «Пантэра»

Але найперш Старая нацыянальная галерэя – гэта калекцыя выяўленчага мастацтва ХІХ ст.

Нямецкага, але не толькі. Галоўная скарбонка – найлепшы збор твораў цёмнага рамантыка Каспара Давіда Фрыдрыха. Я крыху лажануўся, пачынаць трэба было з яго, але ён месціца ў цэнтральнай залі трэццяга паверха галерэі, да якой я дабраўся самой апошняй, і ўжо крыху быў стомлены. Але цэлая заля яго шэдэўральных твораў: цёмная ноч, горы, мора, таямнічасць, узнёсласць! Падабаецца мне Фрыдрых, нават прывёз з Дрэздэна кнігу пра яго творчасць на нямецкай мове ў наіўным спадзяванні, што гэта можа быць добрым стымулам для вывучэння гэтай мовы.

Каспар Давід Фрыдрых «Узыход Месяца над морам»

Каспар Давід Фрыдрых «Узыход Месяца над морам»

Ёсць і іншыя рамантыкі, асабліва добра прадстаўлены Карл Фрыдрых Шынкель (які таксама быў і архітэктарам, якраз Стары музей побач збудаваны па яго праекце). Вялізны збор карцін Адольфа Менцэля, мастака-рэаліста сярэдзіны ХІХ ст., які шмат у чым быў захоплены і перыядам Фрыдрыха Вялікага, таму значная частка твораў якраз на гістарычныя сюжэты. З рэалістаў найбольш цікавы Макс Ліберман, з моцнымі і непрыхаванымі нідэрландскімі ўплывамі. Закончваецца ХІХ стагоддзе унушальнай калекцыяй сімвалізму, дзіўна, што вельмі добра прадстаўленыя швейцарац Арнольд Бёклін (у тым ліку адна з версій знакамітага «Вострава мёртвых») і мюнхенец Франц фон Штук, хоць да Берліна яны асаблівага дачынення не мелі. Апроч, салідная калекцыя французскіх мастакоў ХІХ ст., асабліва імпрэсіяністаў, прычым вельмі моцная і рэпрэзэнтатыўная па творах, дзе можна назіраць і дзіўныя паралелі: «Лета» Рэнуара як разняволеная дзяўчына і «Лета» Клода Манэ як спякотны пейзаж.

У «Музейны востраў» уваходзіць яшчэ і музей Бадэ (Bode Museum), названы ў гонар свайго першага куратара ў пачатку ХХ ст. Тут аснова калекцыі – еўрапейская скульптура і візантыйскае мастацтва. Але я ўжо зламаўся, перанасыціўся, яшчэ чакаў візіт у оперу, і пры выбары – ці глядзець яшчэ адзін музей, ці выпіць пару бакальчыкаў піва ў GeorgBrau, я спыніўся на другім варыянце. Здрадзіў мастацтву, што тут скажаш.

На наступны дзень мяне чакаў яшчэ адзін музейна-мастацкі комплекс – Kulturforum,

непадалёк ад Пастдамер Плац, куды ўваходзяць Галерэя старых майстроў, Новая нацыянальная галерэя, Берлінская філармонія, Берлінская дзяржаўная біблітэятэка і яшчэ дахалеры розных музеяў і інстытуцый. На жаль, не праверыў, што ў выходныя музеі пачынаюць працаваць у 11.00, а не ў 10.00, таму амаль гадзіну часу згубіў у чаканні на ўваходзе.

Адразу пайшоў у Галерэю старых майстроў (Gemäldegalerie). Ччччорт, гэта ж адзін з лепшых музеяў «старых майстроў» у свеце! Сур’ёзна, па маім уласным рэйтынгу, я б яго ўключыў у топ-5 мастацкіх музеяў, калекцыя тут багацейшая, чым у славутай Дрэздэнскай галерэі. Але дзіўна, музей зусім не раскручаны праз медыя, наведвальнікаў таксама не вельмі шмат, а якое багацце ўнутры! Пры ўваходзе можна выбраць два шляхі: налева і направа. Налева пойдзеш – праз італьянскі рэнесанс, направа – праз паўночны.

Сэрца мяне пацягнула направа, пра што абсалютна не шкадую. Тут табе і добра знаёмыя і вельмі для мяне прывабныя імёны: Альбрэхт Дзюрэр, Лукас Кранах, Ганс Гальбейн. І новыя фенаменальныя адкрыцці – Ражэ ван дэр Вейдэн і Гуга ван дэр Гос. Яркасць фарбаў і надзвычайная прыгажосць! Шмат фламандцаў і галандцаў, куды падзецца без паўсюднага Рубенса, колькі партрэтаў Ван Дайка. Лепшая калекцыя твораў Рэмбрандта (больш 20 карцін), што я бачыў у жыцці (праўда, не быў у Галандыі). Дзве цудоўнейшыя карціны Вермеера (з агулам 34, якія вядомыя). Нават крыху брытанцаў – Рэйнальдс і Канстабль. Але і італьянская калекцыя не саступае ні па імёнах, ні па ўзроўні твораў – і мастакі ранняга рэнесансу, тры шэдэўральныя творы ад Бацічэлі, Рафаэль, Тыцыян, Караваджа, і шмат іншага. Праўда, я на паўночным рэнесансе ўжо стаміўся, таму італьянцаў глядзеў крыху павярхоўна. Але гэта такі музей, куды абавязкова трэба будзе вярнуцца, бо зноў жа – адна з лепшых калекцый старога мастацтва ў свеце. Тым больш, на восень тут абяцаюць выставу Бацічэлі – вельмі добрая нагода завітаць.

Рэмбрандт. Аўтапартрэт

Рэмбрандт. Аўтапартрэт

У прыўзнятым настроі патупаў у блізкую Новую нацыянальную галерэю (Neue Nationalgalerie).

Тут у якасці бонуса можна было паглядзець часовую выставу амерыканскага мастака Марсдэна Хартлі (Marsden Hartley), за якую таксама давялося даплаціць 2 еўра. Карціны якраз нямецкага перыяда яго творчасці (1913-1915), пранізаныя гомаэратычнай жарсцю да прускіх афіцэраў і вайсковых парадаў, але ў мадэрнісцкім стылі, з кубісцкімі пошукамі. Цікавыя ў Хартлі алюзіі да індыйскай сімволікі – досыць свежа і па-свойму прыгожа.

Сама ж калекцыя галерэі ахоплівае мастацтва ХХ ст., і канкуруе тут з Гамбургскім вакзалам (Hamburger Bahnhof), які ўсё ж больш скіраваны на актуальнае мастацтва (там я быў год назад). Толькі ўлічваючы аб’ёмы калекцыі, выстаўляецца яна канцэптуальнымі часткамі, на гэты раз я патрапіў на трэццюю частку экспазіцыі «Пашырэнне вайсковай зоны. 1968-2000». Гэта не самая мая любімая эпоха ў мастацтве, тым больш для нямецкага. Але ў дадзеным выпадку экспазіцыя была досыць цікавая, тэматычна ўдала згрупаваная (па розных лейтматывах, і чакана асобная секцыя была прысвечана такой важнай тэматыцы як «Вагіна і пеніс»). Часам патрапляліся вельмі займальныя творы, напрыклад, опус магнум Вернера Тубке «Ранняя буржуазная рэвалюцыя ў Германіі», выдатная манументальная стылізацыя пад Брэйгеля. Апроч немцаў, чамусьці шмат і амерыканцаў. Файныя інсталяцыі ад Эдварда Кінхольца, амерыканскага мастака, што шмат працаваў у Берліне — Volksempfängers, радыёпрыёмнікі нацысцкіх часоў, сабраныя з розных барахолак, з інтэрактыўным элементам – націскаеш на педальку, і гэта куча ламачча пачынае граць Вагнера. Канцэптуальна.

Эдвард Кінхольц

Эдвард Кінхольц

Я ўжо не стаў далей блукаць па Культурфорум, а пайшоў у Берлінішэ Галеры (Berlinische Galerie), каб далей працягнуць знаёмства з нямецкім мастацтвам ХХ ст.

Нядаўна ў Вене адведваў выставу «Вена-Берлін», зробленую ў супрацоўніцтве Бельведэрам і Берлінішэ Галеры, і якраз быў прыемна здзіўлены калекцыяй нямецкага экспрэсіянізму гэтага музея. Толькі тут мяне чакала расчараванне. Зноў жа, калекцыя музея выстаўляецца часткамі, і як на зло – «Мастацтва ў Берліне пасля 1945 года». І ў параўнанні з толькі што ўбачанай калекцыяй Новай нацыянальнай галерыі – слабенькая і нецікавая. Паблукаў, ерунда нейкая (хоць зноў жа, яшчэ адна цікавая інсталяцыя ад Кінхольца). Часовая выстава – яшчэ адной амерыканкі, што шмат жыла і працавала ў Берліне – Дароты Іянон (Dorothy Iannone). Блін, вось гэта ўжо поўная лажа, «вагіна і пеніс» – тут гіперматыў, паўсюдны і аднолькава намаляваны, абсалютна неэратычны і непрывабны. Хіпанскае гаўно пра вольную любоў, спалучанае з дурацкім і павярхоўным містыцызмам. Вось ледзь не адзіны раз за берлінскую паездку пашкадаваў пра згублены час.

І нарэшце, чацвёрты дзень. Ужо крыху стомлены, таму праграма больш памяркоўная, толькі тры музеі раёна Шарлотэнбург (якраз у гэтым раёне я і спыніўся ў хостэле). Палац адведваць не стаў, ужо там быў. Побач знаходзіцца Lemke Brauhuas з нядрэнным «майскім бокам», дзе я перад гэтым увечары сустракаўся з Сяргеем Богданам на куфаль піва.

Фінальная музейная праграма пачалася з Bröhan-Museum, прысвечанага найперш дэкаратыўнаму мастацтву эпох Art Nouveau, Art Deco і функцыяналізма (1889-1939).

О, якраз мой улюбёны перыяд, тут ужо было цяжка прамахнуцца з перыядызацыяй выставы. У дадзеным выпадку лагічнай падставай для сканцэнтраванага на дадзеным перыядзе музея было звярнуцца да Першай сусветнай вайны – і калекцыя прэзэнтавалася паводле тэмы «1914 – канец Belle Époque». То бок, асноўны націск быў зроблены на дэкаратыўнае мастацтва 1900-1914 гадоў, з адлюстраваннем розных сацыяльных і палітычных тэндэнцый, ды асаблівай увагай да сусветных выстаў, якія якраз і былі галоўнымі пляцоўкамі да мастацкіх інавацый таго часу. Што і казаць, і сам час надзвычай энергетычны і крэатыўны, і калекцыя вельмі добрая (напрыклад, можна ўбачыць цэлыя наборы мэблі, якія экспанаваліся падчас сусветных выстаў, такая фундаментальнасць не можа не прывабліваць), і цікавостак шмат – тыя ж плакаты Альфонса Мухі.

Насупраць музей са складанай назвай — Sammlung Scharf-Gerstenberg, па прозвішчах берлінскага калекцыянера і яго дачкі, на падставе прыватнай калекцыі якраз і быў створаны музей, адчынены не так даўно, у 2008 годзе. Збіралася не абы што – творы сюрэалістаў, але з вельмі цікавым рэтраспектыўным падыходам, з генеалагічнымі пошукамі першаначыльнікаў сюрэалізму – то бок, ад гравюр Франсіска Гойі і «ўяўленых турмаў» Піранэзі. Цалкам прадстаўлены цыкл гравюр Макса Клінгера пра згубленую пальчатку, і гэты звычайны эпізод дае прастор для цэлай фантасмагорыі. У асноўным графіка, не абыйшлося без Далі, крыху скульптуры (у тым ліку і Ліпшыц). Але асноўная пярлінка – цудоўныя карціны Рэне Магрыта і Макса Эрнста. Цікавы музей, своесаблівая візуальная энцыклапедыя сюрэалізму.

Макс Клінгер

Макс Клінгер

Каб мала не падалося, маецца і часовая выстава прац Паўля Клее, створаная з сабраных разам берлінскіх калекцый розных музеяў. Каля 70 прац (гэта больш, чым на нядаўняй манаграфічнай выставе Клее ў Tate Modern), якія і храналагічна, і тэматычна вельмі добра рэпрэзэнтуюць шматстайную і неардынарную творчасць гэтага швейцарскага авангардыста.

І, нарэшце, побач яшчэ адзін музей, створаны на аснове прыватнай калекцыі — Museum Berggruen,

зноў жа па прозвішчы нямецкага арт-дылера габрэйскага паходжання, які хоць і вымушаны быў пры нацыстах пакінуць краіну, але потым вырашыў усё ж падараваць сваю калекцыю нямецкай дзяржаве. Бергруэн сябраваў з Пікаса і гандляваў яго карцінамі, таму нічога дзіўнага, асабліва з улікам прадуктыўнасці апошняга (гэта вам не Вермеер!), што экспазіцыя пераважна складаецца з твораў Пікаса – тут і ранні, і ваеннага часу, і позні, і кубістычны, і «блакітны», на любы смак і густ. Некалькі твораў Жоржа Брака, якраз кубістычнага перыяда, калі ён разам з сябрам Пабла і ствараў падставы гэтага мастацкага стылю. Крыху Маціса. Забаўна, Бергруэн у свой час арганізоўваў у Парыжы выставу «выцінанак» Маціса, і сам мастак стварыў афішу для выставы, дзе сваё прозвішча падаў праз літары SS у рунічным стылі. Пры ўсёй павазе да мастака, афішу забракавалі, але на сам праект можна зірнуць у музеі. Крыху скульптуры, у тым ліку некалькі твораў Джакамеці, адна з версій знакамітай «Плошчы».

Вось, якраз да абеда справіўся, бо ў 16.00 ужо пачынаўся «Трыстан і Ізольда», і трэба было накіроўвацца ў Дойч Опер.

Калі ж падсумоўваць, то «музейная» частка наведвання Берліна мяне выключна задаволіла – багацейшыя калекцыі, вельмі прыязны падыход да наведвальнікаў (у тым ліку, і па коштах), адсутнасць чэргаў і натоўпаў. Два музеі (Пергамскі і Галерэя старых майстроў), на маю думку, абавязковыя да наведвання для кожнага. Адзінае, што хочацца больш грунтоўных манаграфічных выстаў, іх не так шмат адбываецца ў Берліне, у параўнанні з іншымі буйнымі еўрапейскімі сталіцамі. Але думаю, што сітуацыя будзе змяняцца, доўгі час немцы рабілі стаўку на аднаўленне будынкаў і экспазіцый, зараз пры наяўнымі багацці, можна думаць і пра далейшае развіццё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?