З 19 па 22 чэрвеня ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці пры падтрымцы Міністэрства культуры і Беларускага фонда культуры праходзіў унікальны і самабытны фестываль – «Берагіня». За 20 год існавання фестываль ператварыўся ў важную культурную падзею краіны.

Удзельнікамі восьмага фестывалю фальклорнага мастацтва сталі дзіцячыя творчыя калектывы і аўтэнтычныя гурты Беларусі. Дзеці і дарослыя з радасцю танчылі, спявалі і паказвалі жыхарам і гасцям Рудабельшчыны старадаўнія абрады. У дні фестывалю адбыліся турнір дзіцячых фальклорных гуртоў, рэспубліканскі конкурс пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў, прэзентацыі гуртоў, выставы і майстар-класы.

Сапраўды самай яркай падзеяй фестывалю стала свята «Рудабельскае купалле». Госці фестывалю пабачылі, як ладзілі гэты абрад нашыя продкі. Перад тым, як пачалося свята, удзельнікі прайшлі па галоўнай вуліцы пасёлка. Кожны калектыў паказаў сваю непаўторнасць і разнастайнасць. Вялікі карагод каля вогнішча, вяночкі і танцы – тое, што абавязкова прысутнічае на гэтым свяце.

Кожны дзень фестывалю праходзіў цікава і насычана. За чатыры дні прайшло больш за 20 мерапрыемстваў. Надыйшоў апошні дзень, і фестываль развітаўся са сваімі ўдзельнікамі і гасцямі. У нядзелю былі падведзены вынікі, пераможцы атрымалі свае падарункі. Скончыўся чарговы фестываль, але ўспаміны пра яго яшчэ надоўга застануцца з удзельнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?