Аўтарытарызм толькі здаецца вечны, аднойчы яго правераныя мэханізмы адмаўляюць яму. Піша расейскі аналітык Сяргей Рыжанкоў.

«Перакульнымі», «ашаламляльнымі» называюць выбары альбо рэфэрэндумы, на якіх апазыцыя, якая знаходзіцца ў відавочна неспрыяльных умовах, насуперак усім чаканьням ўсё-ткі дамагаецца посьпеху. Калі посьпех ня поўны, а толькі значны альбо адносны, то можна казаць пра часткова «перакульныя» выбары.

Самюэл Гантынгтан у кнізе «Трэцяя хваля. Дэмакратызацыя ў канцы ХХ стагодзьдзя», надрукаванай у 1991 годзе, прыводзіць чатырнаццаць прыкладаў «перакульных» выбараў у розных краінах сьвету. Яшчэ два прыклады, якія адносяцца да гэтага пэрыяду, з розных прычынаў аўтарам ня ўлічаныя. У сьпіс можна дадаць сама меней яшчэ шэсьць больш позьніх выпадкаў. Плюс тры “каляровыя рэвалюцыі”, якія мелі некаторыя рысы падабенства да сцэнару перакульных выбараў.

Выбары лічацца «перакульнымі» незалежна ад таго, прыводзяць яны да зьмены палітычнага рэжыму ці не. Маецца на ўвазе найперш сам факт неймавернасьці, непрагназаванасьці, раптоўнасьці вынікаў. Па-другое, гаворка ідзе толькі пра выбары, якія праводзяцца ў больш ці менш выяўленым аўтарытарным кантэксьце. У самім па сабе пройгрышу кіруючай партыі на выбарах пасьля доўгага і бесьперапыннага перабываньня пры ўладзе нічога ашаламляльнага няма. Нават пры асаблівым жаданьні ў дзеяньнях ХДС падчас яе перабываньня пры ўладзе ў Нямеччыне ў 1949-69 гадох ці ЛДП у Японіі, якая кіравала без перапынку з 1958 да 1993 году, нельга знайсьці прыкметаў уціску апазыцыі і няўгодных СМІ альбо іншых праяваў дыктатарскіх памкненьняў.

Што тычыцца Ўкраіны, то яна (у адрозьненьне ад Сэрбіі, Грузіі і Кыргызстану, якія, магчыма, заслугоўваюць улучэньня у сьпіс) да 2004 году ўжо перажыла адну мірную зьмену ўлады, і яе можна лічыць дэмакратычнай краінай. Пры гэтым дзейны прэзыдэнт не прымаў удзелу ў апошніх выбарах 2004 году. Такім чынам, было толькі некаторае вонкавае падабенства са сцэнарам перакульных выбараў.

Нарэшце, шматпартыйныя выбары ў Харватыі і Славеніі ў 1990 годзе ня ўлучаныя ў пералік, хаця на іх перамагла апазыцыя, што супрацьстаяла югаслаўскаму Цэнтру. Рэч у тым, што выбары былі арганізаваныя на ўзроўні гэтых рэспублік новымі кіроўнымі групамі дзеля атрыманьня легітымнасьці і незалежнасьці ад Цэнтру, і іх вынікі былі цалкам прагназаванымі.

Кароткая характарыстыка перакульных выбараў у розных краінах (у храналягічным парадку)

1. Бразылія. Усталяваны вайскоўцамі ў 1964 годзе аўтарытарны рэжым захаваў Кангрэс, хаця ўвёў абмежаваную – дзьвюхпартыйную – сыстэму. На трэціх пасьля ўсталяваньня дыктатуры выбарах у 1974 годзе партыя Бразыльскі дэмакратычны рух, якая грала ролю афіцыйна дазволенай апазыцыі, атрымала амаль палову месцаў у Кангрэсе. І хаця працэс пераходу да дэмакратыі пачаўся толькі ў 1985 годзе, лічыцца, што «перакульныя» выбары 1974 году былі ягоным пралёгам.

2. Індыя. У 1975 годзе Індзіра Гандзі ўвяла надзвычайнае становішча, але на парлямэнцкіх выбарах 1977 году кіраваная ёю партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс прайграла апазыцыйнай кааліцыі. Этап аднапартыйнай дэмакратыі, які цягнуўся на працягу ўсяго посткаляніяльнага пэрыяду, пасьля кароткага аўтарытарнага зрыву скончыўся.

3. Пэру. Вайсковы ўрад арганізаваў у 1980 годзе выбары, але падтрыманая ім партыя, нягледзячы на спэцыяльна прыняты на яе карысьць закон аб выбарах, здолела набраць толькі 27 % галасоў супраць 45,5 %, атрыманых апазыцыйнай партыяй Народнае дзеяньне, што дало той большасьць у заканадаўчай асамблее і адносную большасьць у Сэнаце.

4. Уругвай. У 1980 годзе плебісцыт па Канстытуцыі, якая павінна была замацаваць вяршэнства ў палітычнай сыстэме вайскоўцаў, што зьдзейсьнілі ў 1973 годзе пераварот, праваліўся: 57 % выбарцаў прагаласавалі «супраць». У 1982 і 1984 гадах на ўнутрыпартыйных зьездах у прааўтарытарных партыях прыхільнікі вайскоўцаў апынуліся ў меншасьці. Гэтыя правалы адкрылі шлях да дэмакратызацыі.

5. Сальвадор. Хрысьціянская дэмакратычная партыя лідэра хунты Напалеона Дуартэ, якая зьдзейсьніла ў 1980 годзе пераварот, пасьля якога пачалася грамадзянская вайна, здолела атрымаць у 1982 годзе толькі 24 месцы з 60 у Нацыянальным кангрэсе, саступіўшы апазыцыйнаму Нацыяналістычнаму Рэспубліканскаму Альянсу (АРЭНА), які заняў 36 месцаў. На наступных выбарах АРЭНА страціў большасьць, але ў 1988 годзе вярнуў яе. У 1989 годзе кандыдат АРЭНА выйграў прэзыдэнцкія выбары і ў 1992 годзе здолеў пакласьці канец грамадзянскай вайне.

6. Аргентына. Вайскоўцы, якія ўсталявалі дыктатуру ў 1976 годзе, арганізавалі ў 1983 годзе выбары, спадзеючыся пасьля паразы ў вайне зь Вялікабрытаніяй набыць новую легітымнасьць. Нягледзячы на іхную падтрымку, кандыдат-пэраніст прайграў выбары апазыцыйнаму кандыдату.

7. Турцыя. У 1983 годзе Нацыянальна-дэмакратычная партыя на чале з адстаўным генэралам на прызначаных вайсковым урадам выбарах здолела заняць толькі трэцяе месца, а першай стала апазыцыйная партыя «Радзіма».

8. Паўднёвая Карэя. У 1985 годзе апазыцыйная Новая карэйская дэмакратычная партыя насуперак супрацьдзеяньню ўраду атрымала 106 з 276 месцаў у Нацыянальным Сходзе. У 1997 годзе ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Азіі на прэзыдэнцкіх выбарах упершыню прайграў кандыдат ад кіруючай партыі. Перамог кандыдат ад апазыцыі Кім Тэ Джун, які ў чацьвёрты (!) раз удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі.

9. Пакістан. На парлямэнцкіх выбарах, арганізаваных кіраўніком Пакістана Зія уль-Хакам у 1985 годзе, вялікая колькасьць ягоных высокапастаўленых прыхільнікаў правалілася. Партыі ня мелі права вылучаць кандыдатаў і фармальна байкатавалі выбары.

10. Філіпіны. На пазачарговых выбарах у 1986 годзе нязьменны прэзыдэнт Фэрдынанд Маркас атрымаў, паводле афіцыйных зьвестак, перамогу над кандыдатам ад апазыцыі Карасон Акіна (удавой папулярнага апазыцыйнага сэнатара, забітага ў 1983 годзе), апярэдзіўшы яе на 7,5 %. Аднак апазыцыя абвінаваціла Маркаса ў фальсыфікацыях, спасылаючыся на зьвесткі назіральнікаў і копіі пратаколаў. Пасьля буйнай хвалі дэманстрацыяў Маркас пакінуў краіну, а Акіна заняла пасаду прэзыдэнта.

11. Чылі. У 1988 годзе рэфэрэндум аб працягненьні яшчэ на восем гадоў тэрміну кіраваньня генэрала Піначэта праваліўся. 50,1% выбарцаў выказаліся супраць гэтага (44 % — за). Варта адзначыць, што апазыцыя здолела правесьці эфэктыўную мабілізацыю грамадзкай думкі, нягледзячы на яе абмежаваныя магчымасьці. Пры гэтым краіна перажывала эканамічны ўзьлёт. У 1990 годзе ўлада была перададзеная дэмакратычна абранаму прэзыдэнту.

12. Мэксыка. У 1989 годзе ўпершыню на губэрнатарскіх выбарах у адным з штатаў перамог кандыдат не Інстытуцыянальнай рэвалюцыйнай партыі (ІРП), а апазыцыйнай Партыі нацыянальнага дзеяньня. У 1997 годзе ІРП упершыню страціла кантроль над ніжняй палатай парлямэнту (хаця заставалася найбуйнейшай партыяй у ёй), а ў 2000 годзе ўпершыню за 79 год на выбарах прэзыдэнта перамог кандыдат ад апазыцыі.

13. СССР. У 1989 на першых альтэрнатыўных выбарах заканадаўчай улады выбарцы «пракацілі» кіраўнікоў партыйных арганізацый Масквы, Леніграду, Кіева, Львова, Менску, некалькіх кіраўнікоў рэгіянальных партыйных арганізацыяў, двух прадстаўнікоў вышэйшага генэралітэту, а таксама іншых партыйных і гаспадарчых босаў. У 1990 годзе ў выніку выбараў у Саветы ўсіх узроўняў КПСС страціла ўладу ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе і шэрагу іншых буйных гарадоў. У В РСФСР колькасьць галасоў, атрыманых апазыцыяй, дазволіла абраць яе лідэра Барыса Ельцына на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету. У прыбалтыйскіх і закаўкаскіх рэспубліках КПСС безагаворачна прайграла мясцовым прыхільнікам незалежнасьці.

14. Польшча. У 1989 годзе на выбарах, прызначаных генэралам Ярузэльскім, “Салідарнасьць” атрымала 160 з 161 месца ў ніжэйшай палаце парлямэнту і 99 з 100 месцаў у сэнате. З трыццаці пяці безальтэрнатыўных кандыдатаў, якія ішлі ад ураду, толькі два здолелі набраць больш за 50 % галасоў і стаць дэпутатамі.

15. Нікарагуа. Нацыянальны саюз апазыцыі на чале з Віялетай Чамора, перамог на выбарах 1990 году сандыністаў, якія, здавалася, цалкам кантралявалі сытуацыю (папярэднія выбары — 1984 году — апазыцыя байкатавала).

16. Бірма. У 1990 годзе на першых за трынаццаць гадоў шматпартыйных парлямэнцкіх выбарах апазыцыйная Нацыянальная ліга за дэмакратыю атрымала 83 % галасоў (392 з 485 месцаў). Вайскоўцы, што былі пры ўладзе, падтрымлівалі Партыю нацыянальнай еднасьці, якая атрымала толькі 10 месцаў. Перадвыбарчая кампанія праходзіла ў надзвычай жорсткіх для апазыцыі ўмовах: некалькі соцень актывістаў і лідэр Аунг Сан Су Джы былі арыштаваныя. Вайскоўцы не дазволілі ёй заняць пасаду прэм’ер-міністра як лідэру партыі-пераможцы. Яна знаходзіцца пад хатнім арыштам па сёньня.

17. Альжыр. У 1990 годзе на шматпартыйных выбарах, якія праводзіліся ўпершыню за тры дзесяцігодзьдзі незалежнасьці, кіроўны Фронт нацыянальнага вызваленьня выйграў выбары толькі ў 14 правінцыях і 487 муніцыпальных радах, у той час як апазыцыйны Ісламскі фронт атрымаў кантроль над 32 правінцыямі і 853 муніцыпальнымі радамі (іншыя апазыцыйныя партыі гэтыя выбары байкатавалі).

18. Расея. На першых выбарах у Дзяржаўную Думу ў 1993 годзе, нягледзячы на вельмі кароткі пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня перадвыбарчай кампаніі, якая разгортвалася літаральна на тле расстралянага прэзыдэнтам парлямэнту і знаходжаньня за кратамі часткі апазыцыйных лідэраў, перамаглі апазыцыйныя партыі. На другіх выбарах у парлямэнт у 1995 годзе, нягледзячы на стварэньне новай урадавай партыі, перамагла левая апазыцыя.

19. Інданэзія. З 1966 году ўладу трымаў генэрал Сухарта. У апоры на дамінуючую партыю Галкар (былі дазволеныя яшчэ дзьве «зарэгістраваныя» партыі), якая атрымлівала на выбарах ад 62 да 74 %, Сухарта шэсьць разоў запар займаў пасаду прэзыдэнта ў пэрыяд 1971—97 гадоў. У 1996—98 гадах Інданэзію ахапілі хваляваньні і глыбокі эканамічны і палітычны крызіс. Пасьля сыходу Сухарта Галкар ня здолела перамагчы на парлямэнцкіх выбарах 1999 году, набраўшы толькі 20 % галасоў. Перамагла створаная ў выніку расколу адной з дазволеных партыяў Інданэзійская дэмакратычная змагарная партыя на чале з Мэгаваці Сукарнапутры. І хаця насуперак дэмакратычным правілам прэзыдэнтам стаў прадстаўнік партыі Галкар, а пераможца стала толькі віцэ-прэзыдэнтам, пазьней, пасьля адстаўкі прэзыдэнта, яна заняла гэтую пасаду.

20. Малайзія. З часу набыцьця незалежнасьці ў 1957 годзе ў малайзійскай палітыцы дамінавала кіруючая кааліцыя, склад якой часам крыху зьмяняўся. На выбарах 1999 году яна атрымала 56,5 %. Створаны апазыцыйнымі партыямі альянс атрымаў 40 %. Праўда, пры пераводзе адсоткаў у парлямэнцкія месцы посьпех апазыцыі выглядаў куды менш значным — 42 месцы супраць 147. На наступных выбарах апазыцыя атрымала толькі 20 месцаў супраць 198, атрыманых кіруючай кааліцыяй.

21. Тайвань. На першых муніцыпальных выбарах у 1994 годзе апазыцыйная Дэмакратычная партыя атрымала пасаду мэра Тайбэю. У 2000 годзе на другіх прамых выбарах прэзыдэнта кандыдат ад гэтай партыі Чэн Шуйбянь перамог.

22. Егіпэт. На парлямэнцкіх выбарах у 2005 годзе кандыдаты апазыцыйнай партыі «Мусульманскае братэрства», што вылучаліся як незалежныя, атрымалі 88 месцаў у парлямэнце (1/5 частка), нягледзячы на звышжорсткі кантроль кіруючай групы над перадвыбарчай кампаніяй: сотні актывістаў апазыцыі былі арыштаваныя.

23-25 — ? Спрэчным зьяўляецца пытаньне – ці ўлучаць у гэты сьпіс «каляровыя рэвалюцыі» у Сэрбіі ў 2000 годзе, у Грузіі ў 2003 годзе і ў Кыргызстане ў 2005 годзе. Фармальна яны разгортваліся паводле філіпінскага сцэнару і таму мажліва казаць пра перакульныя выбары. Але відавочна, што падзеі ў гэтых краінах зьяўляюцца вынікам рэалізацыі асаблівых стратэгіяў апазыцыйных актараў, у якіх электаральнае спаборніцтва выступае толькі адным, прычым ня самым галоўным момантам. Дарэчы, палітычная гісторыя Філіпін пасьля 1986 году дэманструе адну з небясьпечных пэрспэктыў палітычнага разьвіцьця краін, што перажылі каляровыя рэвалюцыі: палітыкі выводзяць масы на вуліцы, каб дамагацца ўлады, ужо без прывязкі да выбараў.

«Перакульныя» выбары: заканамернасьць ці выпадковасьць?

Большасьць перакульных выбараў адбывалася ў пэрыяды аслабленьня аўтарытарных рэжымаў, якое магло пачынацца як у выніку адкрыцьця рэжыму зьверху, так і пад ціскам апазыцыі альбо праз рост пратэставых настрояў.

Часьцей за ўсё «перакульныя» выбары аднамомантава і самі сабой нічога не перакульвалі, а толькі служылі пачаткам ланцужку падзеяў, якія сканчаліся альбо глыбокімі рэжымнымі зьменамі (13 выпадкаў), альбо зь вялікай імавернасьцю вялі да такіх (5 выпадкаў).

Апазыцыя магла скарыстацца вынікамі частковых «перакульных» выбараў, нарошчваючы палітычную актыўнасьць, і тады пачынаўся працэс дэмакратызацыі (Аргентына, Бразілія, Мэксыка, Нікарагуа, Сальвадор, Уругвай, Чылі).

Наадварот, калі апазыцыя зьніжала актыўнасьць, працэс дэмакратызацыі станавіўся непасьлядоўным (Інданэзія, Пэру, Турцыя, Філіпіны) альбо заходзіў у тупік (расейскі вэктар трансфармацыі ў 1993-99 гадах).

Байкатуючы выбары, апазыцыя наагул ня можа прэтэндаваць на мірны легітымны прыход да ўлады, таму ёй выгадней у выбарах удзельнічаць.

У Паўднёвай Карэі, пасьля посьпеху на парлямэнцкіх выбарах у 1985 годзе, апазыцыя ня здолела выбраць правільную стратэгію, падзялілася раней часу і прайграла прэзыдэнцкія выбары і толькі ў 1997 годзе атрымала перамогу.

У некаторых выпадках пакуль проста рана казаць пра тое, як будзе дабудоўвацца ланцужок падзеяў (Тайвань, Грузія, Кыргызстан) і ці зьявяцца ў яго наагул новыя зьвёны (Егіпэт, Малайзія).

Наўрад ці можна казаць пра наступныя зьвёны ў сувязі з нядаўнімі падзеямі ў Мьянме (Бірме). У Пакістане таксама «перакульныя» выбары сталіся ізаляваным эпізодам.

Найбольш ашаламляльнымі выглядаюць выбары 1989 году ў Польшчы і правал перавароту Гандзі ў 1975—77 гадах: аднамомантава было вырашанае пытаньне аб далейшым шляху палітычнага разьвіцьця гэтых краін. Аднак вонкавая эфэктнасьць падзеяў зьвязаная з асаблівай сытуацыяй у гэтых краінах. Індыя да перавароту Гандзі была дэмакратычнай краінай, хаця і кіравалася пасьля атрыманьня незалежнасьці дамінуючай партыяй. Польшча ж прадэманстравала, да якой ступені палітыкі празь недасьведчанасьць могуць сыходзіць з цалкам неадэкватных ацэнак сытуацыі, спрабуючы стварыць, паводле Адама Пшэворскага, «дэмакратыю з гарантыямі» (для прадстаўнікоў кіруючай групы.

Як і ў любой зьявы, у перакульных выбараў ёсьць адваротны бок. Некаторыя рэжымы дамагаюцца ўстойлівай гегемоніі кіруючай партыі і/ці пэрсанальнага валадараньня ва ўмовах рэгулярных выбараў, без пагрозы правалу на іх.

У Мэксыцы на працягу 60 гадоў захоўваўся гегеманісцкі рэжым ІРП. 33 гады кіраваў Інданэзіяй Сухарта. Больш за 20 гадоў была ля ўлады кіруючая група ў Сэнэгале, якая згубіла ўладу ў выніку перавароту, а ня выбараў.

Батсвана і Сынгапур зьяўляюцца клясычнымі прыкладамі непарыўнай на працягу дзясяткаў гадоў аднапартыйнай гегемоніі, якая ніколі не сутыкалася з пагрозай ня тое што страты, але нават аслабленьня ўлады. Прычым у першым выпадку аніякіх відавочных формаў абмежаваньня апазыцыі не назіраецца, і яна атрымлівае параўнаўча шмат месцаў у парлямэнце (ідуць спрэчкі, ці зьяўляецца гэтая афрыканская краіна выпадкам, больш падобным да Мэксыкі ці да Японіі).

Нягледзячы на адзначаныя зрухі у Егіпце і Малайзіі, верагоднасьць працягу існуючых рэжымаў у гэтых краінах значна вышэйшая за разьвіцьцё па іншым сцэнары.

Пасьля спыненьня хаосу 1990-х у Нігерыі выбары адбываюцца з загадзя вядомымі вынікамі. Іншымі словамі, варта прызнаць, што Гантынгтон відавочна захапляецца, калі кажа пра тое, нібыта пройгрыш кіруючых груп на выбарах, што праводзяцца аўтарытарнымі лідэрамі, ледзь не заканамерны.

Тое самае можна сказаць і пра падкрэсьліваньне ім адпаведнасьці паміж сілай пратэставага галасаваньня і структурай апазыцыі. Шырокія права-левыя апазыцыйныя кааліцыі нэгатыўнага кансэнсусу (у Нікарагуа і Чылі, напрыклад, яны аб’ядноўвалі звыш дзясятка партыяў), падобна, амаль заўсёды дамагаюцца посьпеху. Але насамрэч такіх выпадкаў параўнальна небагата. Часьцей перакульныя выбары робяць усё-ткі не шырокія кааліцыі, а актыўныя партыі альбо блёкі. Нарэшце, відавочна, што, байкатуючы выбары, апазыцыя наагул ня можа прэтэндаваць на мірны легітымны прыход да ўлады, таму ёй выгадней у выбарах удзельнічаць. Акрамя таго, аўтару гэтых радкоў вядомы толькі адзін, вельмі адносны, прыклад эфэктыўнага байкоту — згаданыя вышэй пакістанскія выбары 1985 году.

Найбольш распаўсюджаным тлумачэньнем перакульных выбараў зьяўляецца мадэрнізацыйная гіпотэза, якая зьвязвае электаральны посьпех апазыцыі з сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём краіны, што адлюстроўваецца ў адрозьненьні перавагаў гарадзкога і сельскага насельніцтва. Але эмпірычна гэтая гіпотэза пацьвярджаецца толькі часткова.

Так ці іначай, хаця «перакульныя» выбары назіраюцца даволі часта, палітолягі пакуль дакладна ня ведаюць, ці адбываецца «перакульваньне» з-за нейкай агульнай заканамернасьці альбо гэта «выпадкова выпадковыя выпадкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?