У Расіі пасля ўступлення ў сілу новага антыпірацкага закона нават за невялікую цытату з чужога тэксту ў сеціве можна будзе трапіць пад суд.

Мінкамсувязі і Мінкультуры РФ не падтрымалі прапанову Мінэканамразвіцця — каб антыпірацкі закон распаўсюджваўся толькі на поўныя тэксты літаратурных твораў. Каб не чакаць ўзгаднення з усімі зацікаўленымі ведамствамі і прыняць законапраект да заканчэння веснавой сесіі Дзярждумы, ва ўрадзе вырашылі ўнесці яго ў Думу праз дэпутатаў.

Пра гэта «Известиям» паведаміла крыніца ва ўрадзе.

У Мінэканамразвіцця лічаць, што пад антыпірацкія блакаванні павінны падпадаць толькі паўнатэкставыя літаратурныя творы. Інакш трапіць пад дзеянне антыпірацкага закона могуць любыя цытаты, рэпост у сацсетках і да т.п. Па законе аўтар любога тэксту ў сеціве (незалежна ад даўжыні і мастацкай каштоўнасці гэтага тэксту) з'яўляецца ўладальнікам аўтарскіх правоў на яго. І ён можа прад'яўляць прэтэнзіі тым, хто скапіяваў яго твор, — напрыклад, зрабіўшы рэтвіт у Twitter.

«Калегі з Мінкультуры кажуць, што мы змагаемся не з цытаваннем, а с запампоўкай з бясплатных сайтаў тэкстаў кніг расійскіх праваўладальнікаў», — адзначае намеснік кіраўніка Мінэканамразвіцця Алег Фамічоў. — «Але калі мы пакуль не хочам закранаць дробныя запазычанні, цытаванне, плагіят і г.д., то давайце наўпрост прапішам у законе, што ён распаўсюджваецца на поўныя тэксты. Інакш захоўваецца вялікая прастора для злоўжыванняў».

«Мы не думаем, што сур'ёзныя праваўладальнікі будуць ганяцца за рэпостамі», — паведаміў «Известиям» намеснік кіраўніка Мінкамсувязі Аляксей Волін.

Прадстаўнікі Мінкамсувязі і Мінкультуры нагадваюць, што п. 1 арт. 1274 Грамадзянскага кодэкса Расіі дазваляе «цытаванне… твораў у аб'ёме, апраўданым мэтай цытавання» — без згоды праваўладальніка і без выплаты ўзнагароды, але з абавязковым указаннем імя аўтара твора.

Па словах доктара юрыдычных навук Антона Сярго, паколькі законам не вызначана, які менавіта аб'ём цытавання з'яўляецца апраўданым, гэта будзе вырашаць суд у кожным канкрэтным выпадку.

У Мінэканамразвіцця ўпэўненыя, што пераносіць гэтыя пытанні на ўзровень суда няправільна. Паколькі канкрэтыкі няма, то любая цытата або рэпост могуць быць прызнаныя парушэннем закона, адзначыў Фамічоў.

Прэзідэнт Асацыяцыі інтэрнэт-выдаўцоў Іван Засурскі падтрымлівае пазіцыю Мінэканамразвіцця. Калі закон прымуць у цяперашняй рэдакцыі, гэта можа выклікаць хвалю пазоваў з нагоды аўтарства.

«У інтэрнэце амаль няма аб'ектаў без аўтарскага права… Прыняцце законапраекта ў цяперашнім выглядзе — магутная дыверсія супраць расейскай эканомікі. У сеціве можа з'явіцца новы від махлярства — накшталт патэнтнага тролінгу», — кажа Засурскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?