Аляксандр Алесін лічыць, што нашай краіне неабходна ствараць сваю зброю, што дасць магчымасць захапіць частку рынку ў краінах, якія развіваюцца.

Стварыць айчынны зенітны ракетны комплекс (ЗРК) па характарыстыках не горш за расійскі С-300 даручыў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання 24 чэрвеня абаронных прадпрыемстваў у Барысаве.

На думку ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, у нашай краіне ёсць патэнцыял для вытворчасці сваіх зенітна-ракетных комплексаў.

— У Беларусі знаходзіцца Мінскае вышэйшае зенітна-ракетнае вучылішча, дзе з часоў СССР вялася навуковая праца ў сферы СПА, — адзначыў ён. — Ва універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі таксама рыхтуюцца спецыялісты па многіх неабходных спецыяльнасцях.

Шэраг беларускіх прадпрыемстваў спецыялізуецца на абслугоўванні і мадэрнізацыі ЗРК. Напрыклад, мінскае УП «Тэтраэдр» мадэрнізавала комплекс С-125 у Казахстане. Гэта прадпрыемства таксама наладзіла выпуск уласнага ЗРК малой далёкасці Т38 «Штылет».

На думку эксперта, у Беларусі ёсць усё неабходнае для вытворчасці ўласных ЗРК. Няма толькі тэхнічнай магчымасці для выпуску саміх ракет. Іх, па словах Алесіна, прыйдзецца купляць у іншых краінах: у Расіі, Кітаі ці Украіне.

— Спадзявацца, што Расія прадаставіць нам новыя комплексы, не варта, — тлумачыць Аляксандр Алесін. — Пастаўленыя нам раней С-300 ужо практычна састарэлі. Развіццё новых тэхналогій адбываецца імкліва. Цяпер ужываюцца беспілотнікі і высокадакладныя крылатыя ракеты, якія атакуюць на невялікіх вышынях. Таму Расія праводзіць уласнае пераўзбраенне і ёй самой не хапае вытворчых магутнасцяў для выпуску новых С-400.

Выпуск уласных ЗРК дазволіць прадаваць іх іншым краінам, а на выручаныя грошы абнаўляць ўласнае войска. Попыт на сучасныя ЗРК на сусветным рынку вельмі вялікі. Пры гэтым, па словах эксперта, многія краіны не хочуць купляць высокадакладную зброю ў звышдзяржаў. Яны асцерагаюцца ўбудаваных чыпаў, дзякуючы якім заходнія краіны могуць заблакаваць комплексы ў выпадку канфлікту.

— На рынку ўзбраенняў шукаюць пастаўшчыкоў з невялікіх краін, якія ніколі не стануць патэнцыйным ворагам, — тлумачыць Алесін. — Беларусь у гэтым плане выйграе. І калі атрымаецца стварыць ЗРК з добрымі суадносінамі кошту і якасці, у прынцыпе нам удасца захапіць значную долю рынку ў краінах, якія развіваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?