21-гадовую Лізавету з Мінска шукалі амаль два тыдні. Яна выйшла з дому 4 чэрвеня — і знікла. Знайшлі ж яе ў лесе каля пасёлка Мачулішчы, за 20 км ад дома.

Як паведаміла прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, дзяўчына вісела ў пятлі. Іншых пашкоджанняў на целе няма. Праводзіцца праверка, прызначаны шэраг экспертыз.

Лізавета была замужам і гадавала дачку. Выйшла замуж за замежніка. Хлопец прыехаў з Нігерыі ў Мінск вучыцца — у Медыцынскі ўніверсітэт. Тут закахаўся ў беларускую прыгажуню. Яна заканчвала Мінскі гандлёвы каледж.

«Добрая і спагадлівая дзяўчына, заўжды ўсміхалася. Была старастай у нашай групе. Адказная, можна было ёй даверыць любую справу», — прыгадвае яе аднакурсніца. Навучанне скончылася ў 2011, тады ж Лізавета і выйшла замуж.

Што ж магло маладую маму падштурхнуць на такі ўчынак? Следчыя падазраюць, што прычынай сталі сямейныя адносіны. «Ведаю, што праблемы ў сям’і былі. У мяне няма звычкі лезці з парадамі ў чужыя адносіны: ва ўсіх бываюць складанасці. Але да такой ступені — гэта ўжо занадта», — расказала адна са знаёмых дзяўчыны, якая папрасіла не называць яе імя.

Муж Лізаветы цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Праўда, ён не захацеў пагаварыць. «Элізабэт, цэнтр майго Сусвету, адпачывае з Панам Богам Ізраіля ў сапраўднай традыцыі Ісуса Хрыста!» — напісаў ён у сацыяльных сетках ужо пасля пахавання. Між іншым, як вынікае з сацсетак, ён не жыве ў Беларусі пастаянна. А месца працы пазначана ў Міністэрстве аховы здароўя ў Нігерыі — спецыяліст па псіхічных і неўралагічных расстройствах.

Трэба гаварыць пра жыццё!

Па сусветнай статыстыцы, суіцыд з’яўляецца другой прычынай смерці сярод моладзі да 24 гадоў (больш гіне толькі ад няшчасных выпадкаў). Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у 2012 ад наўмыснага самапашкоджання (у тым ліку самагубства) памерла 1949 чалавек. На 100 тысяч насельніцтва — 20,6 чалавек. У 2011 колькасць памерлых была большай, тады зафіксавалі 2174 такіх смерцяў.

Спецыялісты мяркуюць, што часта выпадкі суіцыдаў звязаныя з адзінотай людзей. Побач няма чалавека, з кім можна падзяліцца праблемамі і параіцца. Праз такую безвыходнасць і вырашаюць забіцца: лічаць сябе непатрэбнымі. Спрыяюць суіцыдам узрушэнні. Для дарослых — страта сям’і ці працы альбо патраплянне за краты. Для падлеткаў — непадзеленае каханне ці непрыняцце ў сваё кола аднагодкамі. Лічыцца, што высокі ўзровень самагубстваў сярод наркаманаў, хранічных алкаголікаў і інвалідаў. Праўда, часта людзі не хочуць памерці, а толькі прыцягнуць да сябе ўвагу такім учынкам. Прычым многія загадзя пра намер суіцыду адкрыта папярэджваюць. Але да такіх слоў не заўжды ставяцца з належнай увагай.

Доктарка-псіхатэрапеўтка медцэнтра «Надзея» Алена Нікіціна бачыць больш глыбокія прычыны.

«Часцей гэта адбываецца не праз нейкія знешнія сітуацыі, а праз унутраны стан чалавека. Гэта можа быць дэпрэсія альбо нешта яшчэ. Я не пагаджуся, што чалавека можна давесці да самагубства. Звычайна гэта ўнутраны надлом, які адбываецца незалежна ад вонкавых абставінаў. Прычыны такога стану заўжды можна вызначыць, калі разглядзець радавод чалавека хаця б на 3—4 пакаленні. І яна можа быць у нейкай складанай гісторыі роду: продкі, напрыклад, былі ў канцлагерах ці рэпрэсаваныя. Альбо ў бабулях і дзядулях, якія таксама скончылі жыццё самагубствам… Але кожны выпадак унікальны — нельга абагульняць».

А прадухіліць выпадкі самагубства можна толькі ўвагай адно да аднаго.

«Трэба гаварыць пра жыццё, пра свет вакол, пра тое, колькі карысці можна прынесці, калі працягваць жыць. Нельга маўчаць», — раіць яна.

Куды звяртацца?

Тэлефоны службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі.

Кругласуткавая служба экстраннай псіхалагічнай дапамогі «Тэлефон даверу»: (017) 202-04-01.

Рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, што трапілі ў крызісную сітуацыю: 8-801-100-16-11.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?