Дзейныя асобы:

Спадар Папроцкі

Спадарыня Папроцкая

Вайсковец

Сцэна 1.

За сталом на кухні сядзяць спадар Папроцкі і спадарыня Папроцкая.

Спадар Папроцкі. Сёння бульбачка была вельмі смачная.

Спадарыня Папроцкая. А скваркі?

Спадар Папроцкі. О-о, пальчыкі аблізаць!

Спадарыня Папроцкая. Бо я іх добра засмажыла і цыбулю нарэзала колцамі.

Спадар Папроцкі. Цыбуля таксама смакавала ў селядцы.

Спадарыня Папроцкая. Бо я яе марынавала ў лёі.

Спадар Папроцкі. А лёй я вымачаў хлебам.

Спадарыня Папроцкая. А селядзец?

Спадар Папроцкі. З’еў ажно чатыры кавалкі. Не, пяць! Пасля першай чаркі « Маскоўскай» — два, і затым пасля кожнай наступнай яшчэ па адным.

Спадарыня Папроцкая. Дык ты выпіў чатыры чаркі?

Спадар Папроцкі. Так, і скажу табе: «Маскоўская» была сама тое — сорак градусаў. У нашым магазіне стаіць таксама «Сталічная», «Зуброўка», «Тры каралі», «Белавежская», але я заўсёды бяру толькі «Маскоўскую».

Спадарыня Папроцкая. А я па бульбу, цыбулю і сала на скваркі хаджу на рынак, а па селядзец — у «Белую Русь».

Спадар Папроцкі. Гэта тая крамка, што на рагу?

Спадарыня Папроцкая. Тая. Туды селядцы прывозяць у бочках, а лёй дык увогуле нічога не каштуе — бяры колькі хочаш.

Спадар Папроцкі. Скажыце калі ласка!

Спадарыня Папроцкая. Я туды з бітончыкам хаджу.

Спадар Папроцкі. І ўся вось гэтая раскоша — дзякуючы нашым дарагім правадырам, нашым любімым начальнікам, дай ім бог здароўя і доўгі век.

Спадарыня Папроцкая. А таксама іхнім дзеткам і ўнукам.

Спадар Папроцкі. Я ўсё дзіўлюся: скуль столькі розуму ў людзей?

Спадарыня Папроцкая. У якіх людзей?

Спадар Папроцкі. У правадыроў.

Спадарыня Папроцкая. А!

Спадар Папроцкі. Мы нават нашай Любе — не паслухала, кінула, курва, бацькоў, пайшла за блізкі свет — не змаглі рады даць, а яны цэлай краінай кіруюць!

Спадарыня Папроцкая. Вялікія галовы маюць.

Спадар Папроцкі. О-о, што цэбры.

Спадарыня Папроцкая. Дый без дапамогі вышэйшых сіл не абыходзіцца.

Спадар Папроцкі. Гэта вядома, бо ўсякая ўлада ад Бога.

Спадарыня Папроцкая. Вось толькі як паслухаеш па тэлевізары, што на белым свеце дзеецца: там засуха, у іншым месцы залева, яшчэ дзе ўраган…

Спадар Папроцкі. За грахі ўсё, за грахі…

Спадарыня Папроцкая. … альбо землятрус, дык ажно жудасць бярэ.

Спадар Папроцкі. А ў мяне скура шэрхне. (Выстаўляе руку.) Во!

Спадарыня Папроцкая. А то яшчэ лепш: узялі моду — на мітынгі хадзіць, бунтаваць, біцца. А ў нас добра, ціха.

Спадар Папроцкі (пазяхаючы). Ста-абільна.

Спадарыня Папроцкая. Як на могілках. І што яны хочуць, чаго ім не стае?

Спадар Папроцкі. Можа, лёю?

 

Сцэна 2.

За тым жа сталом сядзяць спадар Папроцкі і спадарыня Папроцкая.

Спадар Папроцкі. Бульбачка сёння была такая, што каб да яе яшчэ скварак, дык можна было б пальчыкі аблізваць.

Спадарыня Папроцкая. Бо я іх заўсёды добра высмажвала.

Спадар Папроцкі. А цыбулю?

Спадарыня Папроцкая. А цыбулю, нарэзаўшы колцамі, пасля таго як збірала з патэльні скваркі, клала ў тлушч.

Спадар Папроцкі. Вось што! Але ж цыбуля на алеі таксама атрымалася нічога сабе.

Спадарыня Папроцкая. А селядзец?

Спадар Папроцкі. З’еў ажно тры кавалкі. Пасля кожнай шклянкі «Крыжачка» па кавалку.

Спадарыня Папроцкая. Дык ты выпіў тры шклянкі «Крыжачка»?

Спадар Папроцкі. Тры. У нашым магазіне, акрамя «Крыжачка», можна набыць таксама «Зялёны яблык», «Рабінаўку» і «Дары саду», але я заўсёды бяру «Крыжачок», бо ён у бутэльках па нуль сем літра, а не па нуль пяць, як «Зялёны яблык», «Рабінаўка» і «Дары саду». Іх, такім чынам, прыйшлося б браць дзве бутэлькі, бо адной на тры шклянкі не хапае.

Спадарыня Папроцкая. І слушна робіш, бо ўсё роўна на рукі даюць толькі па адным селядцы.

Спадар Папроцкі. А лёй? Лёю ж, дзякуючы нашым дарагім правадырам, нашым любімым начальнікам, дай ім бог здароўя і доўгага веку, колькі хочаш!

Спадарыня Папроцкая. Лёю — так, лёю, дзякуючы нашым дарагім правадырам, дай ім бог здароўя, а таксама іхнім дзеткам і ўнукам, колькі хочаш. Праўда, задарма ўжо не наліваюць — трэба плаціць.

Спадар Папроцкі. Скажыце калі ласка!

Спадарыня Папроцкая. Я таксама пра гэта не ведала, таму з двума бітончыкамі выправілася, але грошай ледзь хапіла на палову аднаго. Каб не селядзец…

Спадар Папроцкі. Гэта нічога, гэта ўсё толькі часовыя цяжкасці, абы было ціха. Вунь што навакол робіцца — тэлевізар уключаць страшна: гармідар, вэрхал. А ў нас? На вуліцу, скажам, закарцела вечарам пайсці — ідзі, ніхто да цябе не падыдзе, не зачэпіць, у морду не дасць, бо нідзе нікога, быццам пошасць нейкая прайшла, чыста павыміралі ўсе. А калі нават і вылеціць які чорт з падваротні, дык адразу ж міліцыянты падыдуць, разбяруцца, бо ў нас яны на кожным рагу па двое, а то і па трое стаяць.

Спадарыня Папроцкая. За парадкам сочаць.

Спадар Папроцкі. За парадкам сочаць і так — хто семкі лузгае, іншы варон лічыць. Служба ў іх такая.

Спадарыня Папроцкая. Хто на што вучыўся.

Спадар Папроцкі. Але. Я вось вучыўся на токара, і хаця ўжо каторы год няма чаго выточваць, як хадзіў на свой завод, так і хадзіць буду.

Спадарыня Папроцкая. І што ты там робіш, калі няма чаго тачыць?

Спадар Папроцкі. Раней прыходзіў, станок запускаў і сядзеў увесь дзень, глядзеў, як там усё круціцца, але апошнім часам не ўключаю — электрычнасці няма.

Спадарыня Папроцкая. Нічога, зараз ужо не трэба будзе нікуды ісці: на пенсію сядзеш.

Спадар Папроцкі. Не, я на пенсію не хачу. Навошта? Лепш каля станка сядзець, чымся тут з табою. Я і памру там.

Спадарыня Папроцкая. Што ты ўдумаў, аксціся? Хто ж табе гэта дазволіць?

Спадар Папроцкі. А калі не дазволяць, тады вось што зраблю: выйду за прахадную і там, каля дзвярэй, на прыступках сканаю.

Спадарыня Папроцкая. Не, ты лепш дахаты прыйдзі, а пасля — як сабе ведаеш. Вунь, сусед, вечарам прыйшоў, а раніцай ужо на лесвіцы лапак яловых панакідалі.

Спрадар Папроцкі. І я, лапак яловых каб панакідана было, таксама хачу.

Спадарыня Папроцкая. А выносілі, га, як выносілі! Любата было глядзець: ладам так, нагамі ўперад.

Спадар Папроцкі. І я хачу — каб ладам і нагамі ўперад.

 

Сцэна 3.

Той самы стол і тыя самыя асобы, што і ў першых дзвюх сцэнах.

Спадарыня Папроцкая. Ну з’еш яшчэ адну бульбачку.

Спадар Папроцкі. Не хачу!

Спадарыня Папроцкая. Ну калі ласка!

Спадар Папроцкі. Не буду — у роце расце. Каб цыбулькі ці лёю…

Спадарыня Папроцкая. Божа, дзе ж іх узяць! Цыбулю, можа, праз тыдзень завязуць, а пра лёй, па ўсім відаць, увогуле можна забыцца. Але нічога, абы ціха, абы не было вайны.

Спадар Папроцкі. І ў нас на заводзе ўсе, хто выжыў, таксама згодныя патрываць.

Спадарыня Папроцкая. Пасля чаго выжыў?

Спадар Папроцкі. Пасля таго, як паспыталі ахаладжальнай вадкасці. Хлопцы недзе каністру прыдбалі. Прынеслі ў курылку. Адкаркавалі, панюхалі — жывы спірт. Дык першы адкінуў капыты на месцы, другога завезлі ў бальніцу, і невядома, ці выкараскаецца, трэці аслеп, а мне вось, як бачыш, нічога ніякага: крыху з правага боку пад рэбрамі папякло — і ўсё.

Спадарыня Папроцкая. Дзякуй Богу! (Жагнаецца.)

Спадар Папроцкі. А лекар з хуткай дапамогі казаў, што гэта натуральны адбор — выжываюць мацнейшыя.

 

Уваходзіць вайсковец з аўтаматам на плячы.

Спадар Папроцкі. Вы хто?

Вайсковец. Устаць!

Спадар Папроцкі (ускочыўшы). Што вам трэба?

Вайсковец. Маўчаць! Смірна! Усеагульная мабілізацыя! Усе пад ружжо!

Спадар Папроцкі. Але ж я ў запасе, амаль пенсіянер.

Вайсковец. Нічога, аўтамат яшчэ ўтрымаеш. (Здымае з пляча аўтамат і вешае спадару Папроцаму на шыю.) Айчына ў небяспецы! Пераўтворым нашую зямлю ў непрыступную цвярдыню. Мацуйся салдат!

Спадар Папроцкі. Ёсць!

Вайсковец. Маладзец! Аб’яўляю падзяку! (Бярэ з талеркі бульбу, рассвоўвае па кішэнях.) Усё для фронту, усё для пабеды.

Спадарыня Папроцкая. Амін!

Канец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0