Праваабаронца Алесь Бяляцкі не вінаваціць Польшчу і Літву за перадачу беларускім уладам звестак, якія сталі прычынай для яго крымінальнага пераследу.

«Да гэтага мелі дачыненне асобныя чыноўнікі Літвы і Польшчы, а не ўлады гэтых краін. Улады ж якраз паслядоўна падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што ўсе ў гэтай сітуацыі зрабілі патрэбныя высновы», — сказаў былы палітвязень, які выйшаў на волю па амністыі ў мінулую суботу, падчас анлайн-канферэнцыі на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by 25 чэрвеня.

Прычынай свайго арышту Бяляцкі назваў «палітычны разлік». «І прычынай вызвалення стаў таксама пэўны палітычны разлік. Перш за ўсё рэжым зараз думае аб нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам, які якраз і настойвае на вызваленні ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», — сказаў праваабаронца, нагадаўшы, што ў краіне «застаюцца яшчэ сем палітвязняў». «Ні нам, ні беларускім уладам, ні Еўрасаюзу, ні міжнароднай супольнасці нельга забываць пра гэта ні ў якім выпадку», — падкрэсліў Бяляцкі. 

На пытанне, чаму ў 2011 годзе ён не застаўся за мяжой, калі ўжо было вядома аб яго магчымым арышце ў Беларусі, Бяляцкі адказаў: «За мяжой я не знаходзіўся, але ў той перыяд, сапраўды, я некалькі разоў выязджаў з Беларусі на кароткі час для выкладання ў вільнюскім Доме правоў чалавека. Улады і хацелі, каб я застаўся за мяжой, гэта была б цудоўная магчымасць для кампраметацыі мяне як праваабаронца і як чалавека. Таму я прыняў рашэнне адстойваць сваю невінаватасць тут, у Беларусі». 

Праваабаронца нагадаў, што не прызнаў сваю віну ў судзе, не пісаў ніякіх просьбаў аб памілаванні і працягвае лічыць сябе невінаватым. «Такія ж сродкі націску на праваабаронцаў за нібыта няўплату падаткаў прымяняюць і іншыя аўтарытарныя рэжымы, у прыватнасці, за гэта мае калегі ў Азербайджане і Іране сядзяць у турме», — зазначыў Алесь Бяляцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?