Нейкіх паўгода таму большасць украінцаў ўспрымалі футбольных фанатаў як групку радыкалаў, якія не здолелі знайсці сябе ў жыцці і якія выбралі паходы на футбол як спосаб самавыяўлення. Але апошнія падзеі ў краіне кардынальна змянілі грамадскую думку.

Фанаты змаглі забыць аб усіх сваіх канфліктах дзеля будучыні Украіны. Ультрас былі актыўнымі ўдзельнікамі падзей на Майдане. Зараз яны аб'ядналіся і пайшлі ваяваць у складзе батальёна «Азоў». Пасля «зачысткі» Марыупаля, падчас якой менавіта многія фанаты былі ўдарнай групай аперацыі, адзін з крымскіх ультрас распавёў сайту MatchDay аб тым, што падштурхнула яго пайсці на вайну і чаго ён чакае пасля яе. Ён папрасіў не называць яго імя і не задаваць пытанняў аб аперацыі ў Марыупалі. Пакуль мы гаварылі толькі аб матывах.

— Як доўга ты прымаў рашэнне перад тым, як адправіцца ў зону баявых дзеянняў?

— Вырашыў пасля таго, як адабралі маю родную зямлю. Спачатку Крым, а потым усе гэтыя падзеі на Данбасе. А сам факт абумоўлены стварэннем такога батальёна, як «Азоў». Маё рашэнне — гэта воля лёсу.

— Як і ад каго ты атрымаў запрашэнне ў «Азоў»?

— Патэлефанавалі мае знаёмыя, таксама, дарэчы, з Крыма. Яны раней за мяне ўступілі ў «Азоў». Набіралі ўсіх неабыякавых, хто гатовы абараніць сваю радзіму. Як паказала нядаўняя гісторыя, 90% гэтых патрыётаў — фанаты розных футбольных клубаў. Выбар прыпаў на ўсіх неабыякавых да футбольнай тусоўкі людзей.

— Які ўзрост хлопцаў, якія ўступілі ў шэрагі «Азова»?

— У сярэднім ад 20 да 30 гадоў.

— Прадстаўнікі якіх футбольных клубаў ёсць у вашым батальёне?

— Ёсць кіяўляне, луганчане, марыупальчы, днепрапятроўцы, запаражане, нікалаеўцы, херсонцы, сімферопальцы і севастопальцы. Плюс, нам дапамагаюць ўсе ультрас-рухі Украіны. Калі б не яны, было б нашмат складаней служыць. Дапамагаюць фінансава, бронекамізэлькамі, ежай і, галоўнае, маральна. Хлопцы нам пастаянна тэлефануюць, пытаюцца, што і як. Дзяржава таксама дапамагае, але не ў поўнай меры. Укамплектаваныя мы вельмі добра, у адрозненне ад астатніх. Усе гэтыя гісторыі пра пяць бронекамізэлек на 30 людзей не пра нас.

— У агульнай масе батальёна ультрас вылучаюцца абуткам — белым красоўкам вы не здрадзілі. Наколькі складана было зняць любімыя «Fred Perry» і апрануць ваенную форму?

— Гэта збег абставінаў. Мы гэтак жа лёгка абуваем і берцы. Не ведаю, як астатнім хлопцам, але для мяне гэта не цяжка. Таму што я заўсёды марыў служыць радзіме. У свой час праходзіў тэрміновую службу, нават хацеў пераходзіць на кантракт. Так атрымалася, што войска не моцна хоча ваяваць, і давялося ісці ў зону АТА. Не ведаю, як для астатніх, але для мяне гэты выбар не быў цяжкім.

— Як на тваё рашэнне адрэагавалі родныя? Адгаворвалі?

— Зразумела, што адгаворвалі. Але хто, калі не мы? Родныя, вядома, перажываюць, аднак разумеюць мяне.

— Пра футбол у батальёне часта кажуць?

— У асноўным, гаворым на адпачынку, пры мыцці рэчаў, за вячэрай. Сустракаемся з хлопцамі з розных рухаў, успамінаем каляфутбольныя перасячэнні: хто каго як накрываў, шукаў, выманьваў. Вельмі шмат пацешных гісторый ад людзей, якія яшчэ ўчора былі ў варожых рухах. Амаль з усімі ўжо сустрэліся, пабраталіся. Уся варожасць сышла, усе ўсталі плячом да пляча за сваю краіну.

— З кім вы ў свой час ваявалі?

— Напрыклад, з «бамжамі». Так мы раней называлі фанаў запарожскага «Металурга», але цяпер буду казаць запарожцы. Таксама нашымі ворагамі былі нікалаеўцы, луганчане, марыупальцы. Раней у нас з імі былі махачы, а тут мы сустрэліся. Размовы цяпер вельмі простыя: «О, а там тады быў? Так? Я таксама. А чаго вы не выйшлі? Бо мы вас чакалі! А там «мусары» былі? А чаго ты так моцна ўдарыў? А ты з Севастопаля? А чаго вы не выйшлі тады?» Усё ў такім духу.

— За крымскім футболам сочыш?

— Сочым, перажываем. Бачу, ёсць добрыя навіны: «Севастопаль» будзе гуляць ва ўкраінскай Прэм'ер-лізе. Чытаў, што Вадзім Навінскі не адмовіўся ад клуба, і каманда, магчыма, будзе гуляць у Крывым Рогу. Вельмі ўзрадаваўся. Пасля баявых дзеянняў хачу быць каля каманды. Цяпер нам не да футбола, але калі наступяць мірныя часы, буду зноў хадзіць заўзець за любімы клуб. Ужо планую ездзіць у Крывы Рог.

— Цябе здзівіла пазіцыя менеджэраў крымскіх клубаў, якія павярнуліся ў бок Масквы?

— Пра Бойцана нічога сказаць не магу. А Красільнікаў аказаўся подсцілкай, пагнаўся за славай і грашыма. Мы да гэтага негатыўна паставіліся. Мяне яго пазіцыя не здзівіла. Гэтак жа, як і пазіцыя севастопальскага руху ультрас. Красільнікаў ў свой час знайшоў Навінскага, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны, атрымаў шмат грошай, дабудаваў стадыён. Чаму ён яшчэ тады не шукаў бізнэсмэна з Расіі, а знайшоў багаценькага ўкраінскага? Гэтак жа і рух севастопальскі: сябравалі з «хахламі» (фанаты «Дынама»), днепрапятроўцамі і львавянамі, а потым памянялася геапалітыка, і вось мы з рускімі сябруем.

— Севастопальскія фаны ўжо сябруюць з рускімі?

— Нехта сябруе. Рух падзяліўся на два лагеры: праўкраінскі і прарасейскі. Гэта можна ўбачыць па банэрах: «Расія і Сербія х- браты навек». Другая палова руху так і засталася ўкраінцамі. Многія не забыліся, у якой мы краіне нарадзіліся, у якой мы краіне ўсё жыццё пражылі. На сектары няма 50-гадовых людзей, якія памятаюць Савецкі Саюз. Таксама ёсць група людзей, якія не хочуць нічога губляць, хочуць славы.

— Самому што больш за ўсё запомнілася за час знаходжання ў «Азове»?

— Пра ваенныя аспекты казаць не гатовы. Ведаеце, як у гімне Украіны спяваецца, што ўсе мы браты «козацького роду». Душэўная атмасфера ў нас у батальёне. З такімі людзьмі можна будаваць новую краіну і ваяваць за нашую светлую будучыню. Наш дух складана перадаць словамі.

— Не страшна ісці пад кулі?

— Страшна! Але без страху нікуды. Калі табе не страшна, то няма сэнсу туды ісці, тады ты не разумееш, на што ты ідзеш. Мы цалкам разумеем, навошта мы тут і за што змагаемся. Пайсці ў батальён асабіста мяне падштурхнула любоў да краіны і папушчальніцтва уладаў. Яны нічога не хочуць рабіць. Тады хто, калі не мы?

— Што думаеш пра вайскоўцаў, якія адмаўляюцца ваяваць і проста здаюць пазіцыі?

— Я служыў тэрміновую службу, нядаўна дастаў словы прысягі на вернасць Украіне. Перад тым як ісці ў зону АТА, перачытаў гэтыя словы яшчэ раз. Салдат тэрміновай службы я яшчэ магу паспрабаваць зразумець: у 18 гадоў трапіць у такую жэсць — прыемнага мала. Але ёсць людзі, якія ідуць служыць па кантракце, атрымліваюць бабкі, прымаюць прысягу, а потым адмаўляюцца яе выконваць. Знайдзі ў Інтэрнэце і пачытай прысягу. Калі ты не гатовы служыць народу Украіны, то для чаго тады ісці ў войскі? Проста скажы: «Я не буду, я не пайду, а раптам вайна!» У прысягі вельмі моцныя, патрыятычныя словы, людзі іх кажуць, а потым думаюць, «так вось, пасяджу, грошыкі паатрымліваю, радзіма мяне накорміць, і ўсё». Калі ты не гатовы, то адразу пра гэта скажы. Таму я гэтых людзей зразумець не магу.

— Пра што падумаў, калі пасля вяртання з Марыупаля ўбачыў мірны Днепрапятроўск?

— Пакуль не вельмі зразумеў, што здарылася, але ўжо магу сказаць: вайна — гэта дрэнна. Спадзяюся, наш урад зробіць высновы, і, калі мы пераможам, у нас будзе моцная і мірная дзяржава. Мы хочам міру. Калі пасля баявых дзеянняў прыязджаеш у тыл, разумееш, якая радзіма прыгожая, колькі яшчэ не паспеў зрабіць, колькі краіне трэба будзе працаваць. Балюча, што колькі сыноў Украіны ўжо загінулі незразумела за што.

— У апошні час мы часта чуем, што ў 1991-м ўкраінцы не адчулі цану незалежнасці…

— Мы ўжо сталі на гэты шлях. Нацыя паказвае сябе. Нам няма куды падзецца. Спадзяюся, што мы пераможам і станем цалкам незалежнымі.

— Пісьменнік Юрый Андруховіч прызнаваўся, маўляў, быў згодны з тым, што Данбас трэба адпускаць, каб гэты рэгіён не перашкаджаў астатняй краіне будаваць еўрапейскую дзяржаву. Але пасля смерцi на ўсходзе прыйшоў да высновы, што ўлада адступіць не можа…

— Заднюю даваць нельга. Вельмі вялікая інфармацыйная блакада. Магу сказаць па Крыме, што вельмі шмат нашых людзей, украінцаў на паўвостраве кінутыя на волю лёсу. Як ім у вочы глядзець? Там вельмі шмат людзей, якія не хочуць жыць у Расіі. Мне тэлефануюць сябры, кажуць, там іх цягае ФСБ, кошты на ўсе велізарныя. Зрэшты, не ў коштах справа. Людзі хочуць жыць ва Украіне.

— Калі ты канчаткова вернешся з зоны баявых дзеянняў і зноў ўбачыш карупцыю ў краіне, чыноўнікаў, якія працягнуць «дзерыбан», што будзеш рабіць?

— Будзем іх «шчаміць»! А што з імі яшчэ можна і трэба рабіць? Мы з хлопцамі пра гэта ўжо казалі, думалі, што будзе, калі надыдзе мірны час. Цяпер мы аб'яднаныя вакол адной пошасці, а потым пойдзем супраць людзей, якія не працуюць на карысць краіны. Чыноўнікі павінны адказваць за свае дзеянні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0